У год 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне Асацыяцыя школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь арганізавала анлайн-конкурс тэатральных калектываў “Раскажам пра Перамогу разам”.
Удзел у ім прынялі навучэнцы першага класа гімназіі № 1 горада Дзятлава. Разам са сваімі педагогамі Святланай Андрунінай і Інай Самахвал удзельнікі дзіцячага тэатральнага калектыву “Мазаіка” падрыхтавалі адметны нумар. У намінацыі “Музычная кампазіцыя” пастаноўка гімназістаў была адзначана дыпломам ІІ ступені.
– Ідэя конкурснай тэатралізаванай кампазіцыі нарадзілася ў нас з Інай Валяр’янаўнай спантанна, – расказала Святлана Уладзіміраўна. – Мы нідзе не шукалі і не падгледзелі яе сюжэт, проста вырашылі напісаць “сцэнарый” куплетамі вядомых хітоў. Ён адпавядаў назве конкурсу “Раскажам аб Перамозе разам” і складаўся з лепшых песень пра вайну. Як кадры кінахронікі, адна за адной гучалі яны з вуснаў нашых вучняў-першакласнікаў і расказвалі пра даваеннае жыццё, ліхалецце Вялікай Айчыннай, доўгачаканую Перамогу. Гэта былі “Кацюша”, “Зямлянка”, “Дзень Перамогі”, іншыя кампазіцыі. Паколькі выступленне было яшчэ і тэатралізаваным, то разам з класным кіраўніком паклапаціліся пра ваенную форму, палатку, гармонікі, іншы “антураж”. Рыхтаваліся нядоўга, але маленькія дзеці заўжды вельмі артыстычныя, вось і ў час анлайн-выступлення спевакі з “Мазаікі” шчыра і пранікнёна перадалі атмасферу ваенных гадоў, а потым яшчэ доўга на перапынках напявалі вывучаныя куплеты на школьных калідорах, гэта было так кранальна.

Лічу, што падобныя конкурсы вельмі карысныя для падрастаючага пакалення. Па-перашае, гэта наша агульная легендарная гісторыя, пра якую расказваем па сродках мастацтва, значыць, выяўляем і развіваем у дзяцей іх таленты і творчыя здольнасці. Па-другое, мастацтва – адзін з найбольш дзейсных метадаў патрыятычнага выхавання, калі без слоў, праз шчырыя эмоцыі і перажыванні дзеці далучаюцца да ўсяго таго, што любілі, чым жылі нашы продкі.
Напрыканцы хочацца адзначыць, што і мы, і нашы маленькія выканаўцы атрымалі ад удзелу ў конкурсе шмат задавальнення і пазітыўных эмоцый, нездарма юныя артысты потым пыталіся ў нас: “А калі яшчэ будзем выступаць?”.
Ірына СТЫРНІК
Фота гімназіі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае