22 ліпеня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага літаратуразнаўцы-медыявіста, крытыка, культуролага і нашага славутага земляка – Вячаслава Антонавіча Чамярыцкага. Яго імя ўпісана залатымі літарамі не толькі ў Кнігу Славы Навагрудскага раёна, але і ў фундамент гісторыі ўсёй беларускай навукі.
Нарадзіўся будучы вучоны ў 1936 годзе ў вёсцы Рабкі (цяпер Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці). У канцы 1930-х сям’я пераехала ў Навагрудак. Ваеннае ліхалецце рана пастукалася ў дзяцінства: бацька пайшоў на фронт і прапаў без вестак, а маці з дзецьмі выжывалі дзякуючы падтрымцы сваякоў у вёсцы. Менавіта ў тыя цяжкія гады, напэўна, і загартаваўся той унутраны стрыжань, які дапамог яму прайсці жыццёвы шлях з годнасцю і незломнай верай у сілу роднага слова.
Пасля вайны Вячаслаў вучыўся ў знакамітай Навагрудскай беларускай сярэдняй школе (былой гімназіі). Там, пад уплывам таленавітага настаўніка Сцяпана Александровіча, у хлопца прачнулася шчырая любоў да літаратуры. Ужо ў 1952 годзе ў раённай газеце «Новае жыццё» з’явіліся яго першыя вершы. Гэта быў пачатак вялікага шляху: скончыўшы з адзнакай філалагічны факультэт БДУ, ён працаваў настаўнікам на Вілейшчыне, карэктарам у маладзечанскай абласной газеце «Чырвоны сцяг», інспектарам народнай асветы. Але сэрца маладога спецыяліста імкнулася да глыбінных даследаванняў.
У 1965 годзе, пасля паспяховага заканчэння аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, ён цалкам прысвяціў сябе вывучэнню старажытнай беларускай літаратуры. Яго кандыдацкая дысертацыя пра беларускія летапісы ў 1969 годзе выйшла асобнай кнігай. Гэта была сапраўдная навуковая рэвалюцыя: першая ў сваім родзе праца на беларускай мове, якая грунтоўна раскрывала гісторыю і літаратурную каштоўнасць летапіснага жанру ў Беларусі.
Асобная і, бадай, самая яркая старонка яго дзейнасці – гэта шматгадовае служэнне спадчыне Францыска Скарыны. Вячаслаў Чамярыцкі стаў адным з тых, хто вяртаў беларусам іх нацыянальна-духоўныя вытокі. Разам з аднадумцамі ён стварыў фундаментальныя працы, якія выйшлі нават на французскай (1979) і англійскай (1980) мовах у Парыжы, здзіўляючы сусветную супольнасць веліччу беларускага Адраджэння.
Яго намаганнямі былі падрыхтаваны і выдадзены такія маштабныя праекты, як «Анталогія даўняй беларускай літаратуры» і двухтомная «Гісторыя беларускай літаратуры XI-XIX стагоддзяў». За цыкл прац «Скарына і беларуская культура» ў 1994 годзе ён быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, а таксама ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Нягледзячы на сусветнае прызнанне і працу ў сталіцы, Вячаслаў Антонавіч заўсёды заставаўся верны сваім вытокам. Ён шчыра клапаціўся пра захаванне гістарычнай памяці на Навагрудчыне: актыўна дапамагаў у стварэнні і адкрыцці Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея, браў удзел у падрыхтоўцы гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Навагрудскі раён», быў нязменным удзельнікам навуковых «Наваградскіх чытанняў».
Яго ўласныя словы лепш за любыя біяграфічныя даведкі гавораць пра гэтае глыбокае пачуццё:
«Асаблівую ўзрушанасць адчуваю, калі наведваю родную школу, адкуль я вылецеў у вялікі свет, калі ўзнімаюся на Наваградскі замак, дакранаюся да яго старадаўніх муроў і з вышыні птушынага палёту ўглядаюся ў адвечныя краявіды Бацькаўшчыны». Сёння, у год 90-гадовага юбілею, мы з глыбокай удзячнасцю ўспамінаем Вячаслава Антонавіча Чамярыцкага. Яго жыццё – гэта ўзор таго, як звычайны хлопчык з беларускай вёскі можа стаць сапраўдным тытанам навукі. Дзякуючы такім людзям, жыватворная спадчына нашых продкаў не толькі захавалася, але і працягвае натхняць новыя пакаленні беларусаў.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga