На Алімпе ведаў Дзятлаўшчыны сёлета восем навучэнцаў-уладальнікаў абласных дыпломаў і тры атрымальнікі грамат, іх педагогі-трэнеры, бацькі, кіраўнікі школ.






У гімназіі № 1 горада Дзятлава адбылося ўрачыстае ўшанаванне пераможцаў і прызёраў трэцяга (абласнога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах з сімвалічнай назвай “Зорны Алімп-2026”.

– У параўнанні з мінулым годам дзятлаўчане павялічылі не толькі колькасць, але і якасць атрыманых узнагарод, – зазначыла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. – У гэтым заслуга кожнага: старанная праца навучэнцаў, прафесіяналізм педагогаў, умовы, якія стваралі кіраўнікі школ, падтрымка бацькоў. Гэта прывяло да важкага выніку: удзельнікі з гонарам заявілі пра Дзятлаўскі раён. Сярод тысячы алімпіяднікаў Гродзеншчыны было няпроста даказаць, што вы лепшыя. Шмат эмоцый за час іспытаў перажылі калектывы аддзела і ўстановаў адукацыі, райвыканкама, якія верылі ў поспех, і сёння раён увайшоў у зборную вобласці, ёсць магчымасць і на рэспубліканскім узроўні заявіць пра сябе.



Формулай поспеху каманды нашага раёна падзяліліся намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Умоўская, загадчыца Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Кулеш, метадысты Людміла Канавалік і Наталля Пазняк.



Сярод асноўных яе складальнікаў назвалі намаганні аднадумцаў, шчырую працу, веру ў перамогу. Як падрыхтаваць разумнікаў і разумніц, расказалі кіраўнікі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Іван Кібінь, гімназіі № 1 горада Дзятлава Вераніка Фабішэўская, Казлоўшчынскай сярэдняй школы Ігар Данільчык, навучэнцы якіх дабіліся значных вынікаў. Як прывіць стараннасць і волю да перамогі паразважала матуля алімпіядніка Дзяніса Гуговіча Марына Эдвардаўна. На асаблівасцях “алімпіяднага марафону-2026” спынілася настаўніца трэцяй школы Алена Саўчыц, якая не адзін год запар рыхтуе паспяховых удзельнікаў. Вопытам ад свайго выступлення падзяліліся атрымальніцы грамат трэцяга этапу алімпіяды гімназістка Дар’я Бурдун і навучэнка сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы Вікторыя Шупа. Пра ўласны сакрэт поспеху ў вобласці і падрыхтоўку да рэспубліканскага этапу расказаў уладальнік дыплома першай ступені Раман Крупіца з Казлоўшчынскай сярэдняй школы, яго дапоўніла педагог-трэнер Таццяна Рак. Па тэме выступіла і настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Ніна Жых, якая падрыхтавала двух дыпламантаў трэцяй ступені Дзяніса Гуговіча і Яўгена Радзіеўскага.




– Спадзяюся, што вашы вынікі стануць адпраўной кропкай для далейшых поспехаў, – адзначыла ў час цырымоніі ўзнагароджання Марына Лашкоўская. – Каб дасягнуць большага, трэба ўпарта працаваць і кожны дзень папаўняць веды, а дарослыя і раённы выканаўчы камітэт вас заўжды падтрымаюць.
Марына Яўгенаўна ўручыла ўзнагароды алімпіяднікам, іх педагогам-трэнерам, бацькам. Падарункамі ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” былі адзначаны кіраўнікі школ, навучэнцы якіх сталі сёлетнімі пераможцамі і прызёрамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах.




























Музычнымі нумарамі прысутных парадавалі Аліса Дзірвук, ансамбль “Арэал” сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча і яго кіраўнік Валянцін Палухін, дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якая была вядучай свята, Таццяна Ваніслаўчык.

Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае