Прадстаўнікі ваенных ВНУ і факультэтаў Беларусі, воінскіх часцей прыехалі ў Дзятлава, каб паказаць сучасныя магчымасці і аснашчэнне для навучання будучых афіцэраў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама асабіста запрасіць старшакласнікаў нашага раёна атрымліваць вышэйшую адукацыю ў іх. Вялікае прафарыентацыйнае мерапрыемства прайшло на базе раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці пры ўдзеле ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна.



У сустрэчы прынялі ўдзел начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, работнікі аддзела, педагогі і вучні старэйшых класаў школ Дзятлаўшчыны.

Удзельнікаў мерапрыемства павітаў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Аляксандр Бургун:

– 2025 год праходзіць пад знакам юбілейнай даты Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. З гэтай нагоды на Дзятлаўшчыну прыбылі прадстаўнікі ўсіх ваенных факультэтаў і ВНУ Рэспублікі Беларусь, каб зацікавіць школьнікаў сваімі прафесіямі. Скарыстайцеся такой магчымасцю, каб атрымаць максімум інфармацыі, задаць пытанні, якія вас цікавяць і, магчыма, выбраць сваю жыццёвую дарогу. Спадзяюся, што нехта з удзельнікаў сустрэчы праз гады будзе працаваць у ваенным камісарыяце Дзятлаўскага раёна.


Аб тым, як стаць ваенным, паступіць у вышэйшыя ваенныя навучальныя ўстановы Беларусі і Расіі, расказаў начальнік ваеннага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Уладзімір Калягаеў. Ён падрабязна спыніўся на ўмовах навучання, забеспячэнні курсантаў, працаўладкаванні. Уладзімір Генадзьевіч патлумачыў, якія іспыты трэба здаваць у ВНУ, а таксама нагадаў, што жадаючыя атрымліваць адукацыю ваеннага ўжо ў студзені могуць звяртацца ў ваенны камісарыят свайго раёна.





Старшакласнікі даведаліся, што адукацыю ваеннага можна атрымаць не толькі ў Беларусі, але і ў шматлікіх навучальных установах Расійскай Федэрацыі, пры гэтым выпускнікі стануць ваеннаслужачымі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і будуць служыць на Радзіме.
На працягу сустрэчы працавалі тэматычныя пляцоўкі, на якіх моладзь пазнаёмілі з узорамі ўзбраення, работай спецыяльнай тэхнікі, жадаючыя мелі магчымасць пастраляць у ціры, “паездзіць” на сімулятары ваеннай тэхнікі, пагутарыць з ваеннымі аб іх рабоце і зрабіць фота на памяць аб сустрэчы.



















Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga