Аксана Баброўнік — малады спецыяліст, працуе аператарам электравылічальных машын Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, абрана тут сакратаром пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ”.

Працоўны дзень дзяўчыны пачынаецца ў сем гадзін раніцы, а заканчваецца ў шэсць гадзін вечара. Работа сур’ёзная і адказная: неабходна друкаваць таварна-транспартныя накладныя, правяраць справаздачы кандытарскіх цэхаў, а яшчэ Аксана — аператар магазіна “Міраж”. Тут таксама вялікі аб’ём работы.

Здаецца, пры такой занятасці чалавеку ўвечары толькі і захочацца моўчкі пасядзець ля тэлевізара, паглядзець “лёгкі” серыял і легчы спаць. Але гэта не пра Аксану.

— Я не магу сядзець на месцы, бо з’яўляюся аматаркай актыўнага ладу жыцця, — расказвае дзяўчына, — і заняткі спортам — неад’емная яго частка. Яшчэ ў школьныя гады (а я выпускніца Гезгалаўскай гімназіі) захапілася валейболам, разам з іншымі навучэнкамі нашай установы гуляла за зборную каманду дзяўчынак Дзятлаўскай ДЮСШ. На той час мы сталі лепшымі ў вобласці, удзельнічалі ў рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Яшчэ адзін від спорту, які мяне нечакана зацікавіў — вольная барацьба. Не характэрна для дзяўчыны, ці не так? Вось і я спачатку сказала катэгарычнае “не” трэнеру Аляксандру Дудкіну, які запрашаў мяне на заняткі ў трэнажорную залу пасёлка Гезгалы, дзе на той час ужо займаўся мой брат. Але пазней усё ж такі рашылася паспрабаваць. Дзякуючы трэнеру, праз чатыры месяцы заняткаў стала пераможцай абласных спаборніцтваў па вольнай барацьбе і прыняла ўдзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Пасля заканчэння Гезгалаўскай гімназіі Аксана Баброўнік паступіла ў Навагрудскі гандлёвы каледж, каб атрымаць спецыяльнасць эканаміста. Практыку праходзіла ў родным раёне, станоўча зарэкамендавала сябе і ўзяла тут запыт, каб вярнуцца працаваць менавіта на Дзятлаўшчыну. Са жніўня 2013 года яна — малады спецыяліст у райспажыўтаварыстве. Вядома, актыўнаму ладу жыцця здраджваць не хацелася. Таму Аксана старалася і стараецца ўдзельнічаць у розных спартыўных спаборніцтвах, якія ладзяцца ў раёне. Такім чынам, летась яна трапіла на раённы турыстычны злёт моладзі, дзе пазнаёмілася з першым сакратаром раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Анастасіяй Чурай.

— Анастасія мяне адразу зацікавіла ідэямі, невычэрпнай энергіяй, творчым запалам, — прызнаецца Аксана. — На мой погляд, такімі і павінны быць моладзевыя лідары — актыўнымі, нераўнадушнымі да падзеяў і грамадскага жыцця. Дзякуючы гэтай сустрэчы, я таксама рашылася на адказны крок — стаць сакратаром пярвічкі нашага спажыўтаварыства.

Пасля абрання ў сакратары маё жыццё стала яшчэ больш насычаным. З членамі пярвічнай арганізацыі мы праводзім акцыі, удзельнічаем у раённых мерапрыемствах. Так, наша каманда “Рабяты” прадстаўляла спажыўтаварыства на адкрытым раённым турніры па пейнтболе. Кандытар Бажэна Жылінская будзе прадстаўляць арганізацыю на сёлетнім раённым конкурсе грацыі і прыгажосці “Краса Дзятлаўшчыны”. А нядаўна мы з калегамі правялі флэш-моб “Скажы наркотыкам не”, у час якога выйшлі на вуліцы райцэнтра, раздалі прахожым буклеты, расказалі, якую небяспеку тоіць згубная звычка. Паўдзельнічала наша моладзь і ў тэматычным ананімным анкетаванні, якое праводзіў раённы камітэт ГА “БРСМ”. Сярод планаў на бліжэйшы час — стварыць моладзевую каманду райспажыўтаварыства, якая магла б удзельнічаць у раённых cпартыўных спаборніцтвах і турыстычным злёце моладзі. Мае калегі гэтую ідэю падтрымліваюць.

Аксана Баброўнік таксама выбрана членам дэлегацыі, якая будзе прадстаўляць Гродзенскую вобласць на рэспубліканскім з’ездзе саюзнай моладзі з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які пройдзе ў Мінску ў снежні 2014 года.

— Ад паездкі на рэспубліканскі з’езд моладзі чакаю многага, бо ўпершыню прыму ўдзел у мерапрыемстве такога высокага ўзроўню, — дзеліцца сваімі спадзяваннямі Аксана. — Хочацца пазнаёміцца з новымі людзьмі, знайсці сяброў і даведацца пра тое, чым “жывуць і дыхаюць” мае равеснікі з іншых куткоў Беларусі. Тым больш, што наступны год у нашай краіне аб’яўлены Годам моладзі. Вельмі спадзяюся, што ён выдасца багаты на падзеі, што ў моладзі з’явяцца дадатковыя магчымасці для самарэалізацыі.

Ад сябе асабіста жадаю маладым людзям не быць пасіўнымі, не сядзець увесь вольны час за камп’ютарам, а сустракацца з сябрамі, займацца сопортам, дзяліцца ўражаннямі ад прачытаных кніг і прагледжаных кінастужак. Бо толькі ад нас залежыць, як пройдзе наша маладосць, чаму мы паспеем навучыцца, што зможам ажыццявіць.

І. КАЎКЕЛЬ

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации