Кацярына Серафіновіч: “Я люблю нашу Беларусь”

Важнае Грамадства

Кацярына Серафіновіч, якая з’яўляецца членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а таксама галоўным рэдактарам “Лідскай газеты”, 17 ліпеня наведала Дзятлаўшчыну.

Напачатку яна правяла сустрэчу з прадстаўнікамі працоўных калектываў горада Дзятлава, а затым наведала Вензавецкі сельсавет.

На сустрэчы з дзятлаўчанамі, якая праходзіла ў памяшканні кінатэатра “Спадарожнік”, таксама прысутнічаў старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.

Паколькі Кацярына Серафіновіч уваходзіць у камісію па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, то адразу размова зайшла пра прыцягальнасць нашай краіны для замежных турыстаў і адносіны да беларусаў у замежжы.

– Я люблю нашу Беларусь, – зазначыла Кацярына Адамаўна. – І ў іншых мясцінах прыемна бачыць нашы брэндавыя вырабы. Будзь гэта “Савушкін прадукт” ці “Беліта”. Аднак самая наша вялікая каштоўнасць – гэта людзі. Беларусаў цэняць за адукаванасць, паважлівыя адносіны да іншых людзей.

У кожным паселішчы ёсць адметнасці, якімі варта ганарыцца. Паколькі горад Ліда сёлета аб’яўлены культурнай сталіцай Беларусі, то сенатар запрасіла дзятлаўчан наведваць яе родны горад, пабачыць, што там зроблена апошнім часам: гэта вежа і помнік вялікаму князю Гедэміну, новы жыллёвы мікрараён, добраўпарадкаваныя дарогі.

– Сацыяльныя праекты працуюць, – зазначыла Кацярына Серафіновіч і больш падрабязна спынілася на такіх, як будаўніцтва магістралі М6, абласнога анкалагічнага цэнтра, атамнай электрастанцыі ў Астраўцы.

Пэўная ўвага на сустрэчы была звернута і на такую тэму, як каранавірусная інфекцыя, якая сёлета не дазволіла ажыццявіць шматлікія мерапрыемствы: зладзіць сустрэчы, святкаванні, прыняць пабольш замежных наведвальнікаў. Сенатар выказала спадзяванне на далейшае паляпшэнне сітуацыі, і што ў наступным годзе многія дзятлаўчане пабудуць на брэндавых святах горада Ліды.

Прысутныя на сустрэчы мелі магчымасць задаць Кацярыне Серафіновіч актуальныя пытанні. Так, работнікі сферы культуры пацікавіліся лёсам палаца Радзівілаў у Дзятлаве, а таксама  бібліятэк у сельскай мясцовасці. Сенатар паабяцала дэталёва азнаёміцца з гэтымі праблемамі.

Ірына СКРУНДЗЬ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ,
Марыі ПАПОВАЙ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup