Што зроблена ў рэгіёне за пяць гадоў

Важнае Улада

Сустрэчу з прадстаўнікамі  працоўнага калектыву прадпрыемства меліярацыйных сістэмаў правёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі.

Ён расказаў прысутным пра тое, што зроблена ў нашым рэгіёне за апошнія пяць гадоў, якія дасягнуты поспехі, над чым трэба плённа працаваць.

Гродзеншчына, у тым ліку і Дзятлаўшчына – развіты аграрны рэгіён краіны. Вобласць валодае дастатковым прыродна-рэсурсным патэнцыялам для задавальнення патрэбаў народнай гаспадаркі.

Усяго ў сельскагаспадарчай вытворчасці вобласці занята каля 45 тысяч чалавек. За пяць папярэдніх гадоў валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі павялічылася на 4,7 %.

Асноўнай галіной у сельскай гаспадарцы з’яўляецца жывёлагадоўля (мяса-малочны напрамак). Так, за 2015-2020 гады ў вобласці ўзведзены 35 фермаў, у тым ліку пабудаваны 12 новых малочнатаварных комплексаў і 23 малочнатаварныя фермы рэканструяваны.

У свінагадоўчай галіне за гэты перыяд пабудаваны тры свінагадоўчыя комплексы, а таксама на двух свінакомплексах праведзена рэканструкцыя.

Раслінаводчы комплекс Гродзенскай вобласці дастаткова стабільна і вынікова працуе на працягу шэрагу гадоў. У вытворчасці збожжа Гродзенская вобласць стабільна атрымлівае каля 1,4-1,6 мільёна тон. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых за дзесяць гадоў склала 40,2 цэнтнера з гектара і перавышае сярэднерэспубліканскую на 8-10 цэнтнераў. Аналагічная сітуацыя ў вытворчасці рапсу і цукровых буракоў.

Вялікая ўвага перапрацоўчымі прадпрыемствамі надаецца ўкараненню найноўшых сучасных тэхналогій і рэцэптур прадуктаў харчавання, абнаўленню і пашырэнню асартыменту выпускаемай прадукцыі.

За перыяд з 2015 па 2020 гады аховай здароўя Гродзенскай вобласці таксама дасягнуты пэўныя поспехі. Па выніках 2016 года ахова здароўя Гродзенскай вобласці заняла другое месца ў рэспубліканскім аглядзе якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, у 2019 годзе – першае месца.

На працягу пяці гадоў сістэма адукацыі Прынёманскага краю захоўвае лідзіруючыя пазіцыі па наступных паказчыках: у тройцы лідараў Гродзенская вобласць па выніках удзелу ў рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў, па выніках цэнтралізаванага тэставання, заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. За пяць гадоў дзесяць навучэнцаў вобласці станавіліся пераможцамі міжнародных прадметных алімпіядаў.

У 2015-2020 гадах прыняты меры па развіцці сацыяльнага абслугоўвання. З 2018 года ўкаранёна новая форма абслугоўвання пажылых грамадзян і інвалідаў ва ўмовах замяшчальнай сям’і. У 2018 годзе створаны сем сем’яў, а ўжо ў студзені-маі 2020 года – 36.

Да аказання дапамогі адзінокім людзям і інвалідам, якія жывуць адны, з 2018 года актыўна прыцягваюцца валанцёры з ліку навучэнскай моладзі.

Пенсіі выплачваюцца 282 тысячам жыхароў Гродзенскай вобласці, што складае 28 працэнтаў колькасці насельніцтва. Сярэдні памер працоўнай пенсіі па ўзросце ў чэрвені бягучага года склаў 440,4 рубля, што ў паўтара раза перавышае памер пенсіі ў чэрвені 2015 года. Забяспечваецца поўная і своечасовая выплата пенсій.

Праца ўстановаў культуры і мастацтва Гродзенскай вобласці накіравана на задавальненне духоўных патрэбаў усіх катэгорый насельніцтва і штогод атрымлівае прызнанне на рэспубліканскім узроўні.

Прыярытэтным напрамкам у рабоце сельскіх установаў вызначана праца з пажылым насельніцтвам. Распрацаваны і ўкаранёны 84 разнастайныя праекты па рабоце з дадзенай катэгорыяй грамадзян.

Значны ўнёсак у развіццё Гродзеншчыны зрабілі і працаўнікі Дзятлаўшчыны, у тым ліку і прадпрыемства меліярацыйных сістэмаў. Яно па праву лічыцца адным з лепшых у рэгіёне, хоць і працуе тут крыху больш за сотню чалавек. Старшыня райвыканкама выказаў падзяку калектыву за працу і пажадаў далейшых працоўных набыткаў.

Аліна ІВАНОВА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup