Корманарыхтоўчая кампанія з кожным днём набірае абароты.
У сельгаспрадпрыемствах Дзятлаўшчыны шмат механізатараў працуюць на нарыхтоўцы кармоў. Гэта важная і вельмі адказная справа, якая патрабуе асаблівай увагі і самааддачы.
Па стане на 12 чэрвеня ў раёне травы скошаны на плошчы 6 144 гектары, што складае 43 % да плана. Нарыхтавана 17 999 тон сенажу.
Другім па тэмпах уборкі пасля ААТ “Граніт-Агра” ідзе КСУП “Жукоўшчына”. Гаспадарка ўжо нарыхтавала 2630 тон сенажу, у тым ліку 220 тон у рулонах са стрэйч-плёнкі.
Дзятлаўскім раённым камітэтам прафсаюза работнікаў АПК распрацаваны ўмовы працоўнага спаборніцтва на нарыхтоўцы кармоў сярод механізатараў, занятых на касьбе траў і драбненні зялёнай масы. На гэтым тыдні падвялі вынікі работы за першую дзесяцідзёнку нарыхтоўкі кармоў.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак наведаўся да лепшых работнікаў раёна. Ён павіншаваў перадавікоў і ўручыў падарункі. Гэта механізатары КСУП “Жукоўшчына”. Лепшы на касьбе траў – Максім Кардаш. На трактары “МТЗ-1221” у агрэгаце з касілкай “КДН-3,1” ён скасіў 260 гектараў. На падборцы і здрабненні зялёнай масы лепшы вынік у Юрыя Варгана. На кормаўборачным камбайне “Ягуар-870” ён нарыхтаваў 1460 тон сянажнай масы.
Працоўнае саперніцтва працягваецца.
Вольга ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup