Старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк перадала Цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна сродкі прафілактыкі ад Гродзенскай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа.
Дапамога аказалася важкай: больш за 40 літраў вадкага антыбактэрыяльнага мыла, 150 пар медыцынскіх пальчатак, 30 ахоўных масак.
– Падтрымка вельмі своечасовая ва ўмовах распаўсюджання рэспіраторных інфекцый, – зазначыла загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Іна Петрукевіч. – Атрыманыя сродкі прафілактыкі мы размяркуем паміж сацыяльнымі работнікамі. Яны пастаянна кантактуюць з пажылымі людзьмі, таму павінны быць забяспечаны ўсім неабходным.
Дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык выказала словы падзякі:
– Сёння я кажу тры вялікія “дзякуй”. Па-першае, дзякую Таварыству Чырвонага Крыжа, падтрымку якога мы адчуваем у складаны час. Многія з нас з’яўляюцца членамі гэтай дабрачыннай арганізацыі, прыемна бачыць, што сабраныя сродкі накіроўваюцца ў патрэбнае русла, дапамога прыходзіць своечасова і тым адрасатам, якія маюць у ёй найбольшую патрэбу.
Па-другое, вялікі “дзякуй” кажу пажылым людзям нашага раёна за тое, што прытрымліваюцца патрабаванняў прафілактыкі, не ствараюць для нашых работнікаў лішніх цяжкасцяў, мінімізавалі свае кантакты. Жадаю ім моцнага здароўя і бадзёрасці духу.
Трэці вялікі “дзякуй” адрасую свайму калектыву за тое, што, працуючы ў напружаным рэжыме, не наракаюць на абставіны, не прад’яўляюць завышаных патрабаванняў, а скіроўваюць свае сілы на поспех агульнай справы – актыўна ўключыліся ў пашыў масак і дастаўку пажылым людзям нашага раёна прадуктаў і лекаў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup