Ад фінішу – да новых стартаў

Свежыя навіны Спорт і турызм

Аб выніках спартыўнага года і планах на новы 2020 год расказаў карэспандэнту раённай газеты галоўны спецыяліст Дзятлаўскага райвыканкама Дзмітрый Ёда.

– Багатым для нашага раёна быў 2019 год на спартыўныя дасягненні і перамогі, аднак здараліся і расчараванні, і паражэнні. Вядома, што без пройгрышаў не бывае перамог, без няўдач не дасягнеш поспеху, без карпатлівай працы не набярэшся вопыту.

На працягу 2019 года работнікі сферы спорту і турызму правялі ўсе запланаваныя спартыўна-масавыя мерапрыемствы і вучэбна-трэніровачныя зборы. Гэта дазволіла спартсменам раёна дасягнуць значных вынікаў на спаборніцтвах абласных і рэспубліканскіх узроўняў.

У 2019 годзе былі арганізаваны і праведзены больш за сто фінальных раённых спартыўных мерапрыемстваў, агульная колькасць удзельнікаў дасягнула сямі тысяч чалавек.

Так, з ініцыятывы Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” ў раёне былі праведзены маштабныя спартыўныя мерапрыемствы. Гэта  “Школьная ліга па футболе сярод дзяўчынак”, “Тата, мама, я – футбольная сям’я” і іншыя.

Аўтарскі праект трэнера-выкладчыка Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Уладзіміра Ганчара “Футбол на Дзятлаўшчыне” знайшоў масавае развіццё ў рэгіёне, і па выніках яго правядзення быў адзначаны крыштальным мячом Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у развіццё масавага футбола на Дзятлаўшчыне.

Удзельнікі чэмпіянатаў Гродзенскай вобласці сярод аматарскіх каманд таксама прывезлі некалькі важных для раёна перамог.

Так, па выніках чэмпіянату Гродзенскай вобласці па футболе 2019 года зборная каманда Дзятлаўшчыны “Белая Русь” стала пераможцай, жаночая валейбольная каманда “Белтэрміз” атрымала ў спаборніцтвах абласнога ўзроўню сярэбраную перамогу, мужчынская валейбольная каманда “Белтэлекам” стала ў вобласці чацвёртай.

У лёгкаатлетычных забегах і марафонах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў не было роўных Дзянісу Валяку.

Неаднаразова на абласных этапах спаборніцтваў выходзілі пераможцамі зборныя каманды дзяцей і падлеткаў па лыжным спорце, валейболе, футболе, цяжкай атлетыцы, барацьбе.

Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай у 2019 годзе ў вышэйшае звяно падрыхтоўкі перададзены чатыры выхаванцы. Гэта Ягор Альховік, Сяргей Губко (аддзяленне лёгкая атлетыка), Дзмітрый Дзірвук, Павел Герус (аддзяленне футбола).

Лепшыя спартсмены Дзятлаўшчыны па лёгкай атлетыцы і футболе ў 2019 годзе ўвайшлі ў спісачныя склады нацыянальных зборных каманд нашай краіны. Гэта Мікіта Дудкін і Карына Альховік. Адзначу, што Карына Альховік яшчэ ў 2018 годзе прызнана лепшым іграком і бамбардзірам чэмпіянату вышэйшай лігі Рэспублікі Беларусь. У 2019 годзе футбалістка стала лепшай нападаючай каманды чэмпіянату Беларусі па жаночым футболе.

Акрамя гэтага, у Дзятлаўскім раёне існуюць даўнія традыцыі па падрыхтоўцы і ўдзеле ў спаборніцтвах па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Толькі за перыяд з 2014 года дзятлаўскія хакеісты пяць разоў выходзілі ў фінал рэспубліканскага этапу, дзе не раз станавіліся прызёрамі і пераможцамі аднайменных спаборніцтваў. З апошніх – перамога 2019 года.

Варта адзначыць, што ў сувязі з пашырэннем бязвізавых зон на тэрыторыі Гродзенскай вобласці ў раёне праводзіцца мэтанакіраваная праца па развіцці турызму. Так, колькасць прынятых на Дзятлаўшчыне турыстаў за студзень-лістапад 2019 года склала 20 056 чалавек, 10 431 з іх – грамадзяне замежных краін.

Новы год – гэта не проста пачатак новага календара, гэта новыя надзеі, поспехі, перамогі. Мы з упэўненасцю глядзім у заўтрашні дзень, і для аптымізму ў нас ёсць усе падставы – ясныя і канкрэтныя планы далейшага развіцця спорту і турызму на Дзятлаўшчыне і рэальныя магчымасці для іх увасаблення ў жыццё. Задачы на новы 2020 год стаяць вельмі важныя, у планах – выкананне асноўных напрамкаў работы і  рэалізацыя новых праектаў.

Жадаю  спартсменам раёна новых важкіх перамог, а турыстам яркага і запамінальнага адпачынку.

 

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ