Дзятлаўчане прымаюць удзел у рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Ёлка здароўя”

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Напярэдадні калядных і навагодніх святаў усе – ад малога да людзей сталых – чакаюць цудаў, цуд гэты абавязкова адбудзецца, калі побач знойдуцца людзі са шчырым сэрцам і нераўнадушнай душой.

Час надыходу чараўніцтва, атрымання падарункаў, радасных эмоцый і прыемных клопатаў ужо спяшаецца завітаць на парог, а людзі, якія адчуваюць патрэбу ў добрых справах, актыўна цікавяцца тым, дзе больш за ўсё  неабходна іх дапамога.

Напярэдадні калядных і навагодніх святаў пярвічная арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” сумесна з  пярвічнай арганізацыяй Гродзенскага РУП “Фармацыя” і Гродзенскім аддзяленнем РГАФР “Фармабел” аб’явілі аб правядзенні рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Ёлка здароўя”.

Акцыя накіравана на аказанне адраснай дапамогі дзецям з няпоўных, малазабяспечаных сем’яў, дзецям, якія выхоўваюцца ў шматдзетных сем’ях, дамах сямейнага тыпу, дзіцячых дамах і  заклікана дарыць радасць навагодніх святаў кожнаму маленькаму грамадзяніну краіны.

На тэрыторыі нашага раёна добрачынную акцыя  падтрымалі работнікі Дзятлаўскай цэнтральнай раённай аптэкі № 55.

Яны прапануюць усім сваім наведвальнікам стаць тым самым доўгачаканым чараўніком і падарыць карысныя сюрпрызы да навагодніх святаў тым, хто асабліва чакае цуд – дзецям.

Аб тым, як жыхары раёна могуць паўдзельнічаць у акцыі, расказала загадчыца аптэкі Лідзія Баравік.

– Калядная скрыначка для збору падарункаў для дзяцей да свята Нараджэння Хрыстовага і Новага года  знаходзіцца ў гандлёвай зале аптэкі і будзе чакаць шчодрых і клапатлівых людзей  да 10 студзеня будучага года. Любы жадаючы наведвальнік нашай аптэкі можа набыць для дзяцей вітаміны, біялагічна актыўныя дабаўкі да ежы, іншыя тавары аптэчнага асартыменту. Усе гэтыя падарункі можна пакінуць пад “Ёлкай здароўя” ў  каляднай скрыначцы ці проста перадаць работнікам аптэкі – і ў хуткім часе адрасная дапамога  знойдзе тых, каму яна неабходная.

Спяшайцеся рабіць добрыя справы, і дабрыня адгукнецца вам у адказ.

 

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ