Напярэдадні навагодніх святаў інспекцыя нагляду і прафілактыкі Дзятлаўскага РАНС правяла шэраг мерапрыемстваў па папярэджанні пажараў і іншых надзвычайных сітуацый, прычынай узнікнення якіх маглі б паслужыць навагодняя ёлка або святочныя салюты-феерверкі. Пад пільную ўвагу ратаўнікоў трапілі ўстановы адукацыі і культуры, бо менавіта там перад Новым годам, а таксама ў навагоднюю ноч праводзяцца культурна-масавыя мерапрыемствы і ранішнікі.
Інспектары правялі маніторынг 26 установаў адукацыі, 16 установаў культуры і кінатэатра «Спадарожнік» у горадзе Дзятлаве. Аб’ектам увагі стаў супрацьпажарны стан сродкаў выяўлення пажару, першасных сродкаў пажаратушэння, шляхоў эвакуацыі і выкананне супрацьпажарных нормаў і патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў. Кожнаму кіраўніку правераных установаў былі ўручаны рэкамендацыі з канкрэтна азначанымі супрацьпажарнымі мерапрыемствамі. І калі па ўстановах адукацыі пытанняў амаль не ўзнікла, то ў сельскіх клубах выяўлены шэраг парушэнняў патрабаванняў супрацьпажарнага заканадаўства. Так, у час праверкі было ўстаноўлена, што асобы, адказныя за забеспячэнне пажарнай бяспекі на аб’екце, не прайшлі навучанне па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму, не ва ўсіх установах выконваюцца патрабаванні, прад’яўленыя да шляхоў эвакуацыі. Усё выяўленыя парушэнні адлюстраваны ў рэкамендацыях, да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу прыцягнута службовая асоба. Да пачатку навагодніх “агеньчыкаў” парушэнні давядзецца ліквідаваць, інакш будзе пастаўлена пытанне аб забароне правядзення мерапрыемстваў.
А. БЕЛЕНКА,
інспектар Дзятлаўскага РАНС