Учора з нагоды свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі віншаванні прымала Яніна Уладзіміраўна Ігнацік з вёскі Літаварцы Дварэцкага сельсавета.

Павіншаваць яе прыязджаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

Уладзімір Фёдаравіч не мог не заехаць з кветкамі і падарункам да адной з самых заслужаных і паважаных жанчын мясцовай гаспадаркі.

Усё сваё жыццё Яніна Уладзіміраўна адпрацавала ў калгасе: паляводам, ільнаводам, брыгадзірам, загадчыкам вытворчага ўчастка.  У свой час з чырвоным дыпломам яна закончыла Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум.

За сваю старанную працу жанчына мае шматлікія ўзнагароды, сярод якіх ордэн “ Знак Пашаны”, Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР і цэлы стос узнагарод “рангам” ніжэйшым.

Двойчы Яніна Уладзіміраўна ездзіла на ўсесаюзную выставу дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскву, мае і адтуль медалі за вырошчванне лёну і бульбы.

Размяняла Яніна Уладзіміраўна дзявяты дзясятак гадоў, але такая ж рухавая і добразычлівая. Любіць свае Літаварцы і нізавошта не хоча мяняць іх на гарадское жыццё.

Няхай жа ў гэтай працавітай жанчыны, якая сёння мае ўжо сем унукаў і пяць праўнукаў, усё будзе добра. Дай Бог ёй яшчэ многіх святаў і выдатнага настрою!

 

Іна ЯЎСЕЙЧЫК

Похожие публикации