У рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, прымеркаванага да 75- годдзя Гродзенскай вобласці і Года малой радзімы, сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці праводзіць культурна- пазнавальную экспедыцыю пад назвай “Па сакрэты даўгалецця”.
Да пошуку гэтых сакрэтаў далучыліся і карэспандэнты раённай газеты.
Сёння наш шлях – у вёску Накрышкі. Там жыве Валянціна Ігнатаўна Башко, якой сёлета споўнілася 95 гадоў.
Дом Башко – непадалёку ад царквы, праз тры хаты. Можа таму боская ласка сыходзіць і на гэтае жытло, на яе насельнікаў – дае даўгалецце?
– Часта там бываеце? – цікаўлюся ў жанчын, а гэта і сама юбілярка, і яе дачка Надзея Міхайлаўна Башко.
– А як жа! – кажуць жанчыны. – Просім божай дапамогі, здароўя.
Некалі Валянціна Ігнатаўна, прыгадвае яе дачка, нават была касірам у царкве.
Валянціне Ігнатаўне – 95, дачцэ – 70, таксама жанчына сталага веку. Да таго ж – у 22 гады стала інвалідам: хвароба і няўдалая аперацыя перакрэслілі ўсе мары і матулі, і дачкі. Ды не толькі на вучобу, а і на замужжа, на дзяцей, унукаў.
Але матуля з дачкой і ў тры рабочыя рукі ўпраўляюцца па гаспадарцы.
– Мама і бульбы начысціць, і страву прыгатуе. Яна ж доўга працавала поварам, карміла дзяцей, якія жылі ў школьным інтэрнаце. А колькі пашыла новых убораў! Нідзе не вучылася, а да ўсяго мела здольнасці. Цяпер, праўда, ужо і зрок не той, і ногі не тыя.
Дзень у гэтай хаце пачынаецца а восьмай гадзіне, летам – раней. Напоўнены ён рознымі клопатамі: і важкімі, і нязначнымі. А з вялікай работай спраўляюцца чужыя людзі, якіх даводзіцца часам наймаць у дапамогу.
Хлявы, дзе некалі стаялі карова, свінні, куры, цяпер пустуюць. На гаспадарку ўжо сіл не хапае. Але жанчыны саджаюць крыху бульбы, робяць грады.
Сумуе Валянціна Ігнатаўна па працы, бо яна не з тых, хто будзе паседжваць ды палежваць. Прывучана да працы змалку. Менавіта праца рабіла яе моцнай, давала кавалак хлеба, ратавала ад роспачы і чорных думак.
Хапала на жыццёвым шляху Валянціны Ігнатаны ўсялякага: і ў час вайны, і пасля яе. Маладой пахавала мужа. Пайшла з жыцця і адна з дачок.
Але, нягледзячы на цяжкасці, знаходзіліся сілы, бадзёрасць, аптымізм. Дапамагалі лёгкі характар, маладосць, вера.
– Ды няма аніякіх сакрэтаў, чаму доўга жыву, – кажа Валянціна Ігнатаўна. – Бог дае сілу. Дачка мяне даглядае, а я ёй стараюся дапамагчы. Жыву дзеля Надзеі. Хто ж будзе яе апорай, як не матуля.
Іна ЯЎСЕЙЧЫК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ