У рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, прымеркаванага да 75-годдзя Гродзенскай вобласці і Года малой радзімы, сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці праводзіць культурна-пазнавальную экспедыцыю пад назвай “Па сакрэты даўгалецця”.

На Дзятлаўшчыне ёсць доўгажыхар, якому не так даўно споўнілася 104 гады. Мы зазірнулі да яго ў госці, каб даведацца пра яго сакрэт даўгалецця.

Васіль Пятровіч Якаўчык нарадзіўся ў 1915 годзе ў вёсцы Лядзіны. Ад успамінаў аб дзяцінстве на вочы наварочваюцца слёзы.

‒ Вельмі добра было пры польскай уладзе, кожны меў занятак, можна было працаваць увесь дзень і усю ноч, калі хочаш, ‒ успамінае Васіль Пятровіч. – Ва ўсіх была гаспадарка, свая зямля. У той час цанілі працу на зямлі, у полі.

‒ У школе вучыўся мала – скончыў толькі чатыры класы. Трэба было дапамагаць бацькам, таму хадзіў туды толькі зімой, калі не было працы. У астатні час працаваў у полі разам з татам: аралі зямлю, сеялі і збіралі ўраджай. Яшчэ я часта хадзіў пасвіць кароў ‒ іх у нашай вёсцы было вельмі шмат, напэўна, тры ці чатыры статкі. Вельмі любіў чытаць, гэтаму навучыўся ў школе, ‒ расказвае Васіль Пятровіч. – З жонкай пазнаёміўся таксама ў школе, мы жылі побач і разам хадзілі на заняткі. Аднойчы разгаварыліся, пасябравалі, а потым, ужо калі мне было 22 гады, ажаніліся. Усё жыццё разам пражылі, а ў 2003 годзе не стала і яе…

У Васіля Пятровіча засталося дзве дачкі і дзве ўнучкі, якія таксама маюць свае сем’і. Так, напрыклад, малодшаму праўнуку хутка споўніцца год, а старэйшая праўнучка ўжо заканчвае школу.

Сакрэт даўгалецця Васіля Пятровіча вельмі просты:

‒ Я рэдка хварэю. Раней грошай было мала, а ўсе лекі і ўрачы – вельмі дарагімі. Гэта цяпер лёгка трапіць да доктара, купіць лекі і вылечыць хваробу, а тады і дактароў амаль не было.

З сумам ён успамінае, як у дзяцінстве нават звычайная і бяспечная ў наш час прастуда магла стаць куды больш складанай і небяспечнай хваробай.

Хварэць было не проста дорага, але і страшна, бо хвароба магла забраць з сабой не толькі грошы, але і жыццё.

‒ Я заўсёды шмат працаваў і стараўся не хварэць. Напэўна, з часам гэта стала звычкай.

Цяпер, вядома, лекі і дактары сталі патрабавацца часцей, а слых са зрокам паступова пачалі падводзіць, але ўсё роўна ён адчувае сябе выдатна і збіраецца пераязджаць у Баранавічы да дачкі. А, вядома, было б жаданне ‒ знойдуцца і сілы, і час, і сродкі.

Марыя ПАПОВА

Похожие публикации