Газеце “Перамога” – 75 гадоў

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

21 верасня – адметная дата для нашай газеты. Менавіта ў гэты дзень у далёкім 1944 годзе, пасля вызвалення Дзятлаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, выйшаў першы нумар “раёнкі”.

І ўжо на працягу сямі з паловай дзесяцігоддзяў гісторыя нашага друкаванага выдання цесна пераплятаецца з гісторыяй раёна, лёсамі дзятлаўчан.

Раённая газета, як люстэрка, перадае самыя важныя падзеі жыцця Дзятлаўшчыны і з’яўляецца своеасаблівым летапісам малой радзімы. Са старонак газетных падшывак можна даведацца, чым ганарыліся, аб чым клапаціліся, да чаго імкнуліся нашы землякі ў розныя гады. Мяняецца аблічча раёна, у арганізацыі і на заводы прыходзіць “разумная” тэхніка, але нязменным застаецца адно – прафесіяналізм тых, кім мы ганарымся. Адносіцца гэта і да творчага калектыву “раёнкі”. Як ён мяняўся на працягу дзесяцігоддзяў? Якія журналісты трымалі руку на пульсе жыцця Дзятлаўшчыны? Які шлях праходзіла газета, перш чым трапіць у дамы землякоў? Даведацца пра гэта дапаможа невялікі экскурс у мінулае.

З гістарычных хронік вядома, пасля вызвалення Дзятлаўскага раёна ад ворага, 21 верасня 1944 года, выйшаў першы нумар “раёнкі”, якая тады называлася “За новую вёску”. Яна была двухпалоснай, друкавалася ў Навагрудку, выходзіла спачатку два, пазней тры разы на тыдзень, тыражом крыху больш за тысячу экзэмпляраў, рэдактарам яе з’яўляўся Міхаіл Пятровіч Жураўлёў. Вайна яшчэ не скончылася, і на газету былі ўскладзены важныя задачы: яна падбадзёрвала людзей, заклікала іх да змагання за свабоду Радзімы, усяляла надзею ў сэрцы, змучаныя выпрабаваннямі. На яе старонках часта гучалі заклікі: “Усё для фронту!”, “Усё для перамогі над ворагам!”, “Што ты зрабіў для перамогі над германскім фашызмам?”.

Сустрэлі Вялікую Перамогу, і ў 1945 годзе Дзятлаўская раённая газета была перайменавана ў “Сцяг камунізму”, рэдактарам яе працаваў Фелікс Станіслававіч Станішэўскі. Пад такой назвай газета выходзіла да ўзбуйнення раёнаў.

Затым адзначаўся перапынак на некалькі гадоў. У студзені 1965-га зноў быў утвораны Дзятлаўскі раён. Ужо ў красавіку таго ж года выйшаў першы нумар газеты пад цяперашняй назвай “Перамога”. Рэдактарам “раёнкі” на працягу 14 гадоў быў Рыгор Пятровіч Кавальчук. У 1979 годзе на гэту пасаду прызначаны Станіслаў Дзмітрыевіч Барысаў, які ўзначальваў калектыў “Перамогі” 9 гадоў. У лютым 1987 года рэдактарам Дзятлаўскай раённай газеты зацверджаны Іван Антонавіч Кіслы, які з гэтай пасады выйшаў на заслужаны адпачынак у 2005 годзе. На жаль, нікога з пералічаных людзей ужо няма ў жывых. Іх намаганнямі быў закладзены надзейны падмурак для далейшых творчых поспехаў журналістаў выдання. У рэдакцыі склаўся творчы калектыў. Шмат сіл і энергіі аддавалі ў свой час газеце Уладзімір Васько, Валянціна Смірнова, Васіль Пранкевіч, Мікалай Сакольчык, Мікалай Янушкевіч, Міхаіл Бабок, Леанарда Юргілевіч, Мікалай Жыхар, Мечыслаў Трахімовіч, Раман Шэўка, Аркадзь Кур’ян, Святлана Мурына, Аркадзь Брындо, Уладзімір Томчык, Аляксандр Карпук, Людміла Трафімовіч, Алена Абрамчык, Надзея Васько, Іосіф Заяц, Аляксандр Осіпаў, Наталля Маліноўская,  Наталля Карнеявец. З 2005 па 2017 гады галоўным рэдактарам Дзятлаўскай раённай газеты “Перамога” быў Алег Мікалаевіч Кудзінаў. Шмат гадоў працы аддалі раённай газеце Алена Дзікалава, Іна Яўсейчык, Барыс Яўсейчык, Надзея Мацюкевіч, Алена Гоман, Марыя Стракоўская, Андрэй Баравік, Таццяна Грыцук, Вольга Грыцук. Свой творчы ўнёсак у развіццё нашай газеты зрабіла маладое пакаленне журналістаў, сярод якіх Марына Лявошка, Дзмітрый Ягораў, Надзея Трахімовіч, Ганна Лях, Аляксандр Ляўкевіч, Віталь Аляхновіч, Лізавета Сур’янінава, Юлія Бакуновіч.

Рэдакцыя шчыра ўдзячна за плённае супрацоўніцтва і падрыхтоўку цікавых матэрыялаў пазаштатным аўтарам “Перамогі”, якія дапамагаюць рабіць яе цікавай і змястоўнай. Гэта Міхаіл Лук’янчык, Алена Абрамчык, Валерый Петрыкевіч, Пётр Русаў, Фёдар Красюк, Канстанцін Карнялюк і іншыя.

Цяпер газета выходзіць два разы на тыдзень: на васьмі старонках – па серадах і на дванаццаці – па суботах, друкуецца ў Лідскай друкарні, тыраж складае больш за тры тысячы экзэмпляраў, з моманту яе заснавання выпушчаны больш за дзевяць тысяч нумароў.

Размовы з чытачамі, адказы на тэлефонныя званкі, пісьмы, электронныя звароты, пошук цікавых тэм і сюжэтаў – так праходзяць працоўныя будні ў нашай рэдакцыі. Журналісты вядуць дыялог паміж уладай і грамадствам, інфармуюць, аналізуюць, аператыўна расказваюць аб падзеях, якія адбываюцца на Дзятлаўшчыне, Гродзеншчыне, у рэспубліцы.

Галоўным рэдактарам Дзятлаўскай раённай газеты “Перамога” з’яўляецца Ірына Чаславаўна Камарова. Над выпускамі нашай газеты старанна працуе калектыў: Вольга Юшкевіч, Ірына Стырнік, Святлана Грышына, Аксана Андалюкевіч, Алена Конан, Наталля Авярчук, Таццяна Тумаш, малады спецыяліст Марыя Папова, нямала сіл і энергіі рабочаму працэсу аддаюць галоўны бухгалтар Наталля Лянцэвіч і вадзіцель Георгій Бойка

Доўгі шлях у газеты ад рэдакцыі да чытача. Ад нас “інфармацыйны прадукт” паступае ў друкарню, адтуль – у аддзяленні сувязі, і толькі потым паштальёны прыносяць “Перамогу” ў вашы дамы. Працэс выдання газеты працаёмкі, адказнасць за кожнае слова, кожны радок – вялікая, таму хочацца, каб сяброўства “раёнкі” з чытачамі было надзейным і пастаянным.

Ірына СТЫРНІК