Псіхіятр, псіхатэрапеўт ці псіхолаг?

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У жыцці любога чалавека бываюць перыяды, калі не хапае сіл справіцца з праблемамі, цяжкімі перажываннямі, не атрымліваецца самастойна знайсці адказ на жыццёва важныя пытанні. Да каго ж звярнуцца па дапамогу і дзе знайсці падтрымку? У такіх выпадках можа дапамагчы спецыяліст – псіхатэрапеўт або псіхолаг, які прафесійна разбіраецца ва ўнутраным свеце чалавека, яго ўзаемаадносінах з сабой і з навакольным светам.

На жаль, у большасці людзей няма яснага разумення, хто такія   псіхолаг, псіхіятр ці псіхатэрапеўт, чым канкрэтна яны займаюцца, чым могуць дапамагчы. Паспрабуем разабрацца, у чым розніца паміж гэтымі спецыялістамі.

Псіхолаг – гэта спецыяліст, які вывучае характар, паводзіны і развіццё чалавека, валодае метадамі ацэнкі псіхічных з’яў і псіхалагічных праблем, а таксама спосабамі работы з імі. Ён не валодае медыцынскай адукацыяй, не мае права ставіць медыцынскі дыягназ і выпісваць лекі. Як правіла, псіхолагі працуюць з псіхічна здаровымі людзьмі, якія знаходзяцца ў складаных жыццёвых сітуацыях, адчуваюць эмацыйныя цяжкасці, спрабуюць разабрацца ў сабе.

Псіхатэрапеўт – гэта доктар з базавай медыцынскай адукацыяй і спецыялізацыяй у псіхіятрыі, у якога ёсць сертыфікацыя ў псіхатэрапіі. Псіхатэрапеўт дапамагае ў вырашэнні праблем, якія звязаны з псіхічным здароўем і станам чалавека. Такія праблемы прыводзяць да розных псіхічных станаў: апатыя, дэпрэсія, павышаная трывожнасць, падазронасць, гнеўлівасьць або слязлівасць, панічныя атакі. Таксама мае сэнс звярнуцца менавіта да псіхатэрапеўта пры псіхасаматычных захворваннях або саматычных (цялесных) болях псіхагеннага характару (калі медыкі не знаходзяць прычын для такога роду боляў). Псіхатэрапеўт можа сумяшчаць медыцынскія і псіхалагічныя метады работы, у выпадку неабходнасці прызначае медыкаментознае лячэнне для зняцця вострых станаў.

Псіхіятр – спецыяліст з медыцынскай адукацыяй, які працуе з псіхапаталогіяй, парушэннямі псіхікі. Яго пацыенты – людзі, якія пакутуюць на сур’ёзныя псіхічныя захворванні (шызафрэнію, эпілепсію, псіхоз, хранічную сацыяльную дэзадаптацыю). Псіхіятр мае права ставіць дыягназ і прызначаць лячэнне медыкаментознымі сродкамі. Звяртаюцца да псіхіятра ў выпадках парушанай крытыкі ў дачыненні да ўласнага стану, трызнення (упэўненасці у тым, чаго насамрэч няма), наяўнасці ў свядомасці “галасоў”, панічнага страху, няздольнасці справіцца з глыбокай дэпрэсіяй.

Што ж такое псіхатэрапія? У якіх выпадках яна можа дапамагчы?

Псіхатэрапія пачынаецца са стварэння атмасферы, якая падтрымлівае, устанаўлення кантакту з пацыентам, каб ён мог адчуць сябе свабодна, адкрыта выказаць свае пачуцці. У ходзе псіхатэрапеўтычнага ўзаемадзеяння чалавек вызваляецца ад дэструктыўных думак, дрэнных эмоцый, вучыцца больш рэалістычна ўспрымаць сябе і навакольных, і ў адпаведнасці з новым успрыманнем выбіраць раней не ўласцівыя, больш эфектыўныя спосабы паводзін.

Псіхатэрапія можа дапамагчы справіцца з наступствамі перанесеных псіхалагічных траўмаў, стрэсаў, выйсці з крызіснай сітуацыі, пазбавіцца ад псіхасаматычных захворванняў, здабыць душэўную раўнавагу і вызначыць жыццёвыя мэты і прыярытэты.

Псіхатэрапія – гэта таксама і спосаб самаразвіцця і асобаснага росту. Як змяніць сваё паводзіны ў канкрэтных абставінах, каб дасягнуць поспеху? Як здабыць упэўненасць у сабе і сваіх сілах?Як пабудаваць узаемаадносіны, пазбегнуць канфліктаў з блізкім чалавекам? Як вызначыць прыярытэты, знайсці ўнутраныя рэзервы для пераадолення перашкод? Менавіта ў гэтых выпадках зварот да псіхатэрапеўта – аптымальны выбар.

Аксана АЛЬШЭЎСКАЯ,

псіхолаг Дзятлаўскай ЦРБ