“Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску” – пад такім дэвізам прайшоў Тыдзень роднай мовы ў Хвінявіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе.
На працягу тыдня ва ўстанове праходзіла акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску”. Аляксандра Дзянісенка, вучаніца шостага класа, правяла майстар-клас па размове на роднай мове. Дзеці ўзбагацілі свой слоўнікавы запас, узгадалі асаблівасці беларускай граматыкі.
На базе школьнай бібліятэкі працавала выстава кніг “Дзень добры, кніжка беларуская”. Бібліятэкар Марыя Цілігузава расказала наведвальнікам пра сёлетнія кнігі-юбіляры і пазнаёміла з навінкамі літаратурнага майстэрства. Яна скіравала ўвагу наведвальнікаў і на зборнікі вершаў Аркадзя Куляшова, якому сёлета спаўнілася 105 гадоў. Таццяна Жынко, настаўніца беларускай літаратуры, працягнула работу калегі і правяла куратарскія гадзіны па творчасці таленавітага пісьменніка. Усе разам яны пацікавіліся творамі Аркадзя Куляшова, якія зрабілі паэта папулярным у нашай краіне і далёка за яе межамі.
Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы была выпушчана тэматычная газета “Беларуская разМова”. Рэкрэацыі ўстановы размяшчалі ілюстрацыі з беларускімі словамі. Для многіх навучэнцаў словы ў большасці сваёй былі незнаёмымі, нават выклікалі ўсмешкі, але тым цікавей было іх запамінаць.
Па даўняй традыцыі вучні Хвінявіцкай сярэдняй школы сталі ўдзельнікамі Міжнароднага конкурсу “Буслік-2019”. Навучэнцы старэйшых класаў прынялі ўдзел у флэшмобе “Родная мова з вуснаў на вусны”.
Суботнім днём прайшла квэст-гульня “Квітней, родная мова!” у ходзе якой удзельнікі павінны былі размаўляць толькі па-беларуску. Заданні былі арыгінальнымі, дастаткова складанымі, але каманды спрацавалі дружна і рашуча. У ходзе мерапрыемства панавала атмасфера добразычлівасці і творчага пошуку. Гульня дала магчымасць яшчэ раз пераканацца, што мы жывём у цудоўнай і непаўторнай, багатай на гістарычныя падзеі краіне.
Беларуская мова – адна з самых прыгожых і багатых у свеце, таму любіце і шануйце яе!
Таццяна Жынко,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы