24 лютага стала на Дзятлаўшчыне сімвалічным днём. Менавіта сёння ў Мяляхавічах стартаваў раённы тэматычны праект “75 дзён да “Перамогі”.
Два пераходныя сімвалы – Капсула памяці (вялікая армейская гільза) і Сцяг Перамогі пачалі сваё падарожжа па нашым раёне. Яны будуць кожны тыдзень урачыста перадавацца з сельсавета ў сельсавет, а Дзень Перамогі “сустрэнуць” у раённым цэнтры.
Свята ў Мяляхавічах адкрыла старшыня сельвыканкама Вера Добыш. Яна падзякавала за гонар, які выпаў жыхарам Мяляхавіцкага сельсавета – у год 75-ай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першымі адкрыць эстафету раённага тэматычнага праекта “75 дзён да “Перамогі”.
Пераходныя сімвалы Веры Анатольеўне ўрачыста ўручыла супрацоўніца Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Ірына Якаўчык. Старшыня сельвыканкама з пашанай змясціла іх у патрыятычным кутку “Армейскі чамаданчык”, дзе яны будуць знаходзіцца на працягу тыдня.
За гэты час жыхары Мяляхавіцкага сельсавета на спецыяльна падрыхтаваным світку паперы пачнуць пісаць пасланне да 100-годдзя Вялікай Перамогі. За час падарожжа па Дзятлаўшчыне пасланне папоўніцца выказваннямі, успамінамі і пажаданнямі для нашчадкаў ад жыхароў розных куткоў нашага раёна. Напрыканцы праекта запоўненую Капсулу памяці змесцяць для захоўвання ў раённы музей з надпісам “Капсулу адкрыць і прачытаць пасланне ў 2045 годзе – у год 100-годдзя Вялікай Перамогі”.
У дзень старту праекту пра Вялікую Айчынную вайну, франтавыя подзвігі землякоў, пра тых, хто не вярнуўся з палёў бітвы, пра тых, хто адстаяў Перамогу, жыхарам Мяляхавічаў нагадвалі артысты. З лепшымі песнямі мінулых гадоў тут выступіла “Франтавая канцэртная брыгада” ў складзе Таццяны Загорцавай, Аляксандра і Людміла Баклушыных, Андрэя Добыша, Галіны Сушко, Святланы Гранкоўскай, Святланы Венскай пры падтрымцы гукарэжысёра Аляксандра Саалятэ.
Варта зазначыць, што паралельна 24 лютага ў раёне запушчаны праект “Кропка адліку”. У рамках яго на сайце нашай газеты зваротны адлік дзён да Вялікай Перамогі пачаў каляндар-гадзіннік.
Ірына СТЫРНІК