У Наваельнянскай гарпасялковай бібліятэцы працуе кніжная выстава “Пісьменнікі і кнігі – юбіляры 2019 года”. У першым яе раздзеле наведвальнікі могуць пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам, вядомымі творамі пісьменнікаў-юбіляраў.
Таксама запланаваны шэраг мерапрыемстваў. Для вучняў Наваельнянскай сярэдняй школы ў студзені ладзілася літаратурная гадзіна “Па старонках кніг Аркадзя Гайдара”, у лютым – гадзіна біяграфіі “Мастак праўдзівага слова” да юбілея Аркадзя Куляшова. Для наведвальнікаў сталага ўзросту ў сакавіку запланавана літаратурная гадзіна “Паэтэса пакалення” да 90-годдзя паэткі Еўдакіі Лось, гадзіна цікавых кніг “Пачытайце! Вам спадабаецца” да 55-годдзя сучаснай беларускай пісьменніцы Наталлі Батраковай.
Другі раздзел выставы – “Кнігі-юбіляры”. Напрыклад, раману Якуба Коласа “Дрыгва” спаўняецца 85 год, “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча – 40 год.
Работнікі бібліятэкі завітаюць у дзіцячы садок з віктарынай па казках “У госці да дзядулі Карнея”, арганізуюць гучныя чытанні “Чытаем казкі Пушкіна разам”.
Плануецца правесці мерапрыемствы да 95-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава, 100-годдзя Алеся Асіпенкі, 120-годдзя Міхася Лынькова.
Анжэліка ВАБІШЧЭВІЧ,
загадчыца Наваельнянскай бібліятэкі