Музычную адукацыю атрымаць няпроста. Асабліва, калі ты дзіця. Асабліва, калі твае аднагодкі гуляюць у двары, а ты вучыш чарговы музычны твор.

Але гэта ўсё – толькі стэрэатыпы, якія сваім прыкладам разбурае маленькая цымбалістка Анастасія Салата. Яе стыхія – музыка, а незвычайная працаздольнасць дазваляе пераскокваць прыступкі адукацыйнай праграмы ў Дзятлаўскай школе мастацтваў.

З Насцяй, яе настаўніцай па класе цымбалаў Ірынай Сідорчык і канцэртмайстрам Наталляй Клімец мы сустрэліся ў актавай зале музычнай школы. Маленькая пяшчотная дзяўчынка з вялікімі сінімі вачыма зачароўвае адным сваім выглядам.

Ёй нават заўвагу немагчыма зрабіць, яна як паглядзіць – адразу растаеш, – жартаўліва кажа Ірына Сідорчык.

На самой справе падставаў для заўваг Насця не дае, а наадварот, радуе сваю музычную “сям’ю” перамогамі ў конкурсах розных маштабаў. Яна – гонар Дзятлаўскай школы мастацтваў, і нядаўна юная цымбалістка стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Паспрыяў гэтаму дыплом I ступені V Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва “ЛьВёнок”.

Цяпер Насця вучыцца ў 3 класе школы мастацтваў, але, як кажуць яе настаўнікі, ужо ведае праграму нават за 5 клас.

З Насцяй працаваць – адно задавальненне, – запэўнівае канцэртмайстар Наталля Клімец. – Але для любога талента вельмі важны педагог, які ў яго верыць. Педагог Насці, Ірына Пятроўна, – чалавек, які ў яе бясконца верыць і не абмяжоўваецца навучальнымі гадзінамі ў музычнай школе.

А 50% выступлення – работа канцэртмайстра, – падтрымлівае размову настаўніца Ірына Сідорчык. – Калі ён працуе з дзіцем, вялікую ролю адыгрываюць іх узаемаадносіны. Для Насці Наталля Мікалаеўна як родная.

Адразу адчулася, што мае суразмоўцы – гэта зладжаная каманда, якая “дыхае” агульнай справай, і вынікі складанай працы не прымушаюць сябе чакаць. Ужо з 1 класа музычнай школы дзяўчынка-цымбалістка пачала пакараць п’едэсталы перамогі: у рэгіянальным конкурсе беларускай творчасці “Лянок” заняла другое месца, а ў міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячай і моладзевай творчасці “Вясёлка над Віцебскам” стала лаўрэатам I ступені.

Насцю заўсёды і ва ўсім падтрымліваюць бацькі, ды і яе жаданне стаць цымбалісткай іх не здзівіла.

Я ўбачыла, як іграюць на цымбалах, мне вельмі спадабалася, і я захацела запісацца ў музычную школу, – падзялілася дзяўчынка. Магчыма, ужо тады яна адчувала, што апынецца на сваім месцы і будзе мець пэўны поспех. Але не хавае, што пачатак знаёмства з цымбаламі даваўся няпроста. Аднак упартасць брала сваё, і гэта пацвярджае настаўнік:

У 1 класе музычнай школы дзіцяці было ўсяго 7 гадоў, і на яе лягла вялікая нагрузка. Памятаю, займаліся з ёй без прыпынку паўтары гадзіны. Гэта пастаяннае напружанне: веданне нот, каардынацыя рук, пачуццё інструмента. Тады нават я, дарослы чалавек, адчула стомленасць, а Насця працавала і нават не паспрабавала наракаць. Гэта не цярплівасць, а каласальная працаздольнасць.

У другім класе музычнай школы Насця Салата таксама не змагла прапусціць магчымасьць удала прадэманстраваць свой талент. Перамога ў конкурсе “ЛьВёнок”, пра які згадвалася вышэй, а за ёй – званне лаўрэата I ступені ў міжнародным конкурсе “Нарвская вясна”, які праходзіў у Таліне.

Конкурс у эстонскай сталіцы, па словах Насці, запомніўся ёй больш за ўсё. Гэта і мноства эмоцый ад выхаду на сцэну перад вялікай залай, і пераадоленне ўласнага хвалявання, і, вядома, перамога над вялікай колькасцю канкурэнтаў.

Адразу мне не верылася, што я заняла першае месца, – сціпла прызнаецца дзяўчынка. Напэўна, той стан эйфарыі складана перадаць словамі, яго трэба адчуць.

Нават ад пахвалы настаўнікаў і бацькоў, ад захаплення аднагодкаў Насця не захварэла на “зорную хваробу”, а мудра накіравала ўвесь пазітыў у самы лепшы бок – упэўненасць у сябе. Маленькая цымбалістка адчувае сябе лепшай у сваёй сферы і на дасягнутым спыняцца не збіраецца. Цяпер, навучаючыся ў 3 класе Дзятлаўскай школы мастацтваў, Анастасія Салата стала пераможцай II адкрытага рэгіянальнага конкурсу “Пяе над Шчараю гітара” і прывезла дадому дыплом I ступені.

Наперадзе яшчэ шмат конкурсаў і, несумненна, мноства перамог. Але ёсць у маленькай цымбалісткі жаданне паспрабаваць сябе ў тэлевізійным конкурсе талентаў. Яна ўпэўнена заяўляе, што не пабаялася б паўдзельнічаць і выканала б там любімую кампазіцыю “Lullaby”, або “Калыханка”, якая спаўняецца сольна.

Не сакрэт, што адным са складаных і нелюбімых для дзяцей прадметаў у музычнай школе з’яўляецца сальфеджыа. Але і тут Насці ўсё даецца лёгка.

У яе абсалютны слых, яна чуе акорды, і для яе гэта не праблема, – расказвае Ірына Сідорчык. – Дзіця вельмі музычнае, праграмы складаныя, але яна ўжо іграе п’есы за 5 клас музычнай школы.

Акрамя таго, што Насця выступае сольна, яна ўваходзіць у склад нядаўна створанага ансамбля-трыа “Цукерачкі”. Там Насця – “залатая сярэдзіна” па ўзросце, паколькі разам з ёй выступаюць дзяўчынкі 14 і 6 гадоў.

Музыкант – гэта перш за ўсё артыст. У Дзятлаўскай школе мастацтваў выкладчыкі абавязкова вучаць дзяцей правільным паводзінам на сцэне, ужыванню ў вобраз:

Цымбаліста, напрыклад, бачна, яго не закрывае інструмент, таму нельга быць сумным. Відаць усё цела, якое трэба кантраляваць, – тлумачыць Ірына Пятроўна.

Калі ўбачыць выступленні Анастасіі Салата, то можна з лёгкасцю пераканацца ў тым, што яна прыслухоўваецца да ўсіх парадаў свайго педагога: і прыгожая выправа, і патрэбны выраз твару, і дакладная каардынацыя рук. Усе гэтыя ўменні адточваюцца не толькі на занятках, але і на канцэртных выступленнях у Дзятлаўскай школе мастацтваў.

Дарэчы, дзяўчынка ўжо ведае, кім хоча стаць у будучым. Аказваецца, настаўнікам у музычнай школе. А вось Ірына Сідорчык бачыць у ёй  патэнцыял для вялікага артыста і верыць, што так абавязкова будзе.

Давай перанясемся ў будучыню і ўявім, што ты ўжо дарослая, у цябе ёсць свае дзеці, якія таксама вырашылі ісці па тваіх музычных слядах. Падтрымаеш іх? – пытаюся ў Насці.

Вядома, я адразу аддам іх у музычную школу, – упэўнена адказвае дзяўчынка, быццам гэта не фантазія, а таксама адна з мэтаў на далёкую будучыню.

Застаецца пажадаць таленавітай цымбалістцы здзяйснення ўсіх яе жаданняў і яшчэ мноства вялікіх дасягненняў у жыцці.

У сваю чаргу, калектыў музычнай школы прыкладвае ўсе неабходныя намаганні для развіцця талентаў, папаўняючы матэрыяльную базу ўстановы. Так, напрыклад, сёлета былі набыты новыя цымбалы.

Юлія БАКУНОВІЧ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
ГрадусПлюс. Иголку в конфете едва не проглотила 10-летняя дятловчанка
Прамая тэлефонная лінія
Прыём грамадзян

Прыём грамадзян

17 декабря, 2025

Похожие публикации