Расказвае старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак:
– У 2018 годзе работа Дзятлаўскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу была скіравана на выкананне статутных задач галіновага прафсаюза, галоўная з якіх – абарона працоўных, прафесійных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза.
На працягу года ў райкам прафсаюза паступіла 56 вусных і пісьмовых зваротаў. Члены прафсаюза звярталіся па прававую дапамогу па розных пытаннях, таксама паступалі звароты аб аказанні матэрыяльнай дапамогі ў сувязі з цяжкімі жыццёвымі сітуацыямі, арганізацыі санаторна-курортнага лячэння. Усім, хто звяртаўся, аказана дапамога, пры неабходнасці пытанні вырашаліся з выездам на месца.
У 2018 годзе са сродкаў раённага і абласнога прафсаюзных бюджэтаў па хадайніцтве райкама ўзнагароджаны 138 чалавек на суму 5025 рублёў. Узнагароджанні прымяркоўваліся да юбілейных дзён нараджэння, прафесійнага свята, ажыццяўляліся пры правядзенні акцыі “Наш жывёлавод”, падвядзенні вынікаў у раслінаводстве (сяўба, нарыхтоўка кармоў, жніво збожжавых).
Пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі актыўна ўдзельнічалі ў фінансаванні і правядзенні большасці спартыўна-масавых і культурна-забаўляльных мерапрыемстваў, якія ладзіліся ў раёне.
Плённа працуе на Дзятлаўшчыне сістэма калектыўна-дагаворных адносінаў паміж наймальнікамі і работнікамі, у асобе якіх выступае прафсаюз.
Адзін з галоўных накірункаў работы раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу – ажыццяўленне грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы і ахове працы. У складзе раённай мабільнай групы і з удзелам паўнамоцных прадстаўнікоў прафсаюза праведзены 24 маніторынгі стану ўмоваў працы работнікаў, налічэння і выплаты заработнай платы, выканання заканадаўства аб ахове працы. Раённая арганізацыя прафсаюза актыўна супрацоўнічала з моладзевай і ветэранскай арганізацыямі. Былі арганізаваны сустрэчы маладых спецыялістаў і ветэранаў сельскагаспадарчай вытворчасці, праведзены сумесныя мерапрыемствы.
У рамках рэспубліканскіх акцый “Забяром дзяцей у школу” і “Нашы дзеці” прафсаюзныя арганізацыі аказвалі пасільную дапамогу дзецям.
За плённае супрацоўніцтва Дзятлаўская раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу шчыра ўдзячна сацыяльным партнёрам: Дзятлаўскаму раённаму выканаўчаму камітэту і ўпраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, а таксама кіраўнікам і спецыялістам арганізацый і прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу.
2019 год для прафсаюза адметны, бо гэта год правядзення справаздачна-выбарнай кампаніі, якая стартуе ўжо ў лютым. Прафсаюзнаму актыву пярвічнага звяна і райкаму прафсаюза давядзецца трымаць справаздачу аб рабоце за апошнія 5 гадоў, акрэсліць мэты і задачы на наступную пяцігодку.
Паважаныя члены прафсаюза, сацыяльныя партнёры, шчыра і сардэчна віншую вас з Новым годам. Жадаю, каб 2019-ы стаў для ўсіх нас плённым, багатым на новыя здзяйсненні і станоўчыя эмоцыі. Здароўя вам, міру і дабра.
Запісала Ірына СТЫРНІК