Суіцыд – гэта вайна чалавека з самім сабой. Ва ўсім свеце самагубства ўваходзіць у лік найбольш распаўсюджаных прычын смерці маладых людзей ва ўзросце ад 12 да 24 гадоў.
Большасць патэнцыйных самагубцаў пакутуюць ад дэпрэсіі, прычынамі якой могуць стаць няшчасце ў сям’і, канфліктныя сітуацыі на рабоце, ператамленне, стрэс. Захворванне часта пачынаецца паступова.
Чалавек становіцца прыгнечаным, лічыць сябе “горшым за ўсіх”, “няўдачнікам”, у якога “ніколі нічога не атрымаецца”. Яму здаецца, што жыццё губляе сэнс, і будучыні ў яго няма, адчувае сябе незапатрабаваным і нікому не патрэбным.
У той жа час, толькі дзесяць працэнтаў дзяцей на самой справе хочуць звесці рахункі з жыццём. Астатнія дзевяноста сваім учынкам спрабуюць што-небудзь “даказаць” бацькам, сябрам, “пашантажыраваць” дарослых, часам – проста звярнуць увагу блізкіх людзей на ўласнае існаванне.
Распазнаць суіцыдальныя намеры даволі складана. Бацькі і настаўнікі могуць нават не падазраваць, што падлетак знаходзіцца на мяжы. Каб не дапусціць непапраўнай бяды, паспець папярэдзіць адчайны крок дзіцяці, неабходна ведаць прыкметы суіцыдальнай гатоўнасці, да якіх адносяцца:
– страта цікавасці да любімых заняткаў;
– незвычайнае зніжэнне актыўнасці, апатыя, бязвольнасць;
– занядбанне ўласным выглядам, неахайнасць;
– з’яўленне цягі да адзіноты, аддаленне ад блізкіх людзей;
– рэзкія перапады настрою, неадэкватная рэакцыя на словы і ўчынкі іншых людзей, беспрычынныя слёзы;
– раптоўнае зніжэнне паспяховасці;
– безуважлівасць;
– дрэнныя паводзіны ў школе, парушэнне дысцыпліны, частыя і невытлумачальныя прагулы;
– праблемы са сном;
– схільнасць да рызыкі, неабдуманых учынкаў;
– страта апетыту, скаргі на дрэннае самаадчуванне, галаўны боль;
– абыякавае расставанне з дарагімі рэчамі або грашыма;
– імкненне “прывесці справы ў парадак”, падвесці нейкія вынікі, папрасіць прабачэння “за ўсё дрэннае, што было”;
– самаабвінавачанні або, наадварот, прызнанне ў бездапаможнасці, залежнасці ад іншых людзей;
– непадзеленае каханне;
– павольная, малавыразная гаворка;
– жарты і іранічныя выказванні або “філасофскія” разважанні на тэму смерці;
– фразы тыпу “як усё надакучыла”, “стаміўся жыць”, “калі ж гэта ўсё скончыцца”.
Калі назіраецца хаця б адна-дзве з іх, на падлетка трэба звярнуць асаблівую ўвагу.
Неабходна:
– інфармаваць сваякоў падлетка аб магчымым суіцыдзе, бесперапынна назіраць за ім як у школе, так і дома;
– забяспечыць кансультацыі дзіцячага псіхіятра або псіхатэрапеўта;
– пагутарыць з падлеткам у першыя хвіліны або гадзіны пасля выяўлення суіцыдальных намераў, выслухаць яго, уважліва ўспрыняць кожную скаргу;
– прама спытаць аб суіцыдальных думках, намерах, планах, спробах самагубства ў мінулым;
– вызначыць, чаго чакае дзіця ад свайго ўчынку, што хоча змяніць у сабе, навакольных, у сітуацыі.
У гутарцы дзіцяці неабходна растлумачыць, што падобныя сітуацыі сустракаюцца вельмі часта, але іншыя людзі знаходзяць з іх альтэрнатыўныя выхады. Наладзіць кантакт са сваякамі і сябрамі падлетка, якія могуць пазітыўна паўплываць на яго стан, забяспечыць своечасовую псіхалагічную падтрымку.
Мы павінны навучыцца слухаць і, галоўнае, чуць нашых дзяцей. Толькі сумеснымі намаганнямі бацькоў, педагогаў, псіхолагаў і медыкаў можна дасягнуць станоўчага выніку ў прафілактыцы суіцыдальных паводзінаў у дзяцей і падлеткаў.
Падрыхтавала Вольга ЮШКЕВІЧ