Законам Рэспублікі Беларусь “Аб ахове працы” ўстаноўлена, што наймальнік павінен забяспечыць бяспеку пры эксплуатацыі тэрыторыі, будынкаў, збудаванняў. Пры гэтым, калі тэрыторыя, будынкі, збудаванні або абсталяванне выкарыстоўваюцца некалькімі наймальнікамі, то абавязак па забеспячэнні патрабаванняў па ахове працы выконваецца імі сумесна на падставе пісьмовага пагаднення. У выпадку арэнды будынка (ізаляваных памяшканняў, іх частак) абавязкі паміж уласнікам будынка і арандатарам па ажыццяўленні яго тэхнічнага абслугоўвання ўстанаўліваюцца ў адпаведнасці з дагаворам арэнды (дагаворам бязвыплатнага карыстання), аформленым у адпаведнасці з заканадаўствам.
Пры надыходзе халадоў арганізацыям неабходна надаць асаблівую ўвагу вышэйуказаным пытанням, бо верагоднасць траўмавання працаўнікоў значна ўзрастае.
На жаль, кожны год рэгіструюцца няшчасныя выпадкі, калі работнікі атрымліваюць траўмы ў выніку падзення на слізкіх паверхнях.
Дэпартаментам дзяржаўнай інспекцыі па працы ўстаноўлена, што асноўнымі прычынамі няшчасных выпадкаў з’яўляюцца незабеспячэнне ачысткі ад снегу, лёду, пасыпцы, якія перашкаджаюць слізганню праездаў і пешаходных праходаў, а таксама незабеспячэнне работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны, у тым ліку спецыяльным абуткам.
Варта надаваць асаблівую ўвагу рабоце па ачыстцы дахаў будынкаў і збудаванняў ад снегу, а казыркоў, карнізаў – ад утварэння абледзянення.
У мэтах бяспекі пры арганізацыі і правядзенні работ па ачыстцы дахаў, карнізаў будынкаў і збудаванняў ад снегу і лёду неабходна выконваць наступныя патрабаванні:
— да тэхнічнага абслугоўвання будынкаў і збудаванняў дапускаюцца асобы, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, маюць адпаведную прафесійную падрыхтоўку па відах выконваемых работ, прайшлі медыцынскі агляд, навучанне, інструктаж, стажыроўку і праверку ведаў па пытаннях аховы працы;
— выкананне работ на даху будынкаў і збудаванняў неабходна здзяйсняць па нарадзе-допуску на выкананне работ павышанай небяспекі і пад кіраўніцтвам асобы, адказнай за бяспечнае правядзенне гэтых работ;
— месцы выканання работ па ачыстцы даху будынкаў ад снегу і ледзяшоў неабходна агароджваць унізе, а праход для пешаходаў і праезд для транспартных сродкаў зачыняць;
— не дапускаецца працаваць на даху аднаму, выходзіць на дах у галалёд або пры хуткасці ветру больш за 15 м/с, хадзіць па даху з ухілам больш за 20 градусаў без ахоўнага пояса і страхавога троса, прымацаванага да надзейнай апоры.
Толькі строгае выкананне патрабаванняў бяспекі па ахове працы наймальнікам, службовымі асобамі арганізацый і непасрэдна самімі работнікамі з’яўляецца лепшай прафілактыкай вытворчага траўматызму.
Аляксандр БУРГУН,
галоўны дзяржаўны інспектар Навагрудскага МРА