Інфармацыйная група старшыні райвыканкама Аляксандра Дубовіка сустрэлася з працоўным калектывам ААТ “Дварэцкі льнозавод”.
Шэраг сацыяльна значных пытанняў быў разгледжаны ў ходзе сустрэчы спецыялістаў з работнікамі вытворчага прадпрыемства.
Па пытанні “Захаванне і развіццё нацыянальнай культуры ў Рэспубліцы Беларусь” выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка.
У ходзе выступлення былі раскрыты пытанні па асноўных сацыяльна-эканамічных паказчыках развіцця культуры ў Беларусі, сістэме падрыхтоўкі кадраў, рэалізацыі знакавых сацыяльна-культурных праектаў, забеспячэнні захавання, развіцця, распаўсюджвання і папулярызацыі беларускай нацыянальнай культуры і мовы, дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў, працы з творчай моладдзю, ахове беларускай гісторыка-культурнай спадчыны, значная ўвага надавалася асноўным накірункам інтэрнэт-рэсурсаў і вэб-праектаў у галіне культуры, пашырэнню ўжывання беларускай мовы ў тэле- і радыёэфіры, сродках масавай інфармацыі.
Напрыканцы выступлення ўвага прысутных была скіравана на знакавыя культурныя падзеі краіны ў кастрычніку – снежні 2018 года.
Па пытанні “Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці за студзень-верасень 2018 года” выступіў начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Алег Урбановіч:
– Аб’ём валавога рэгіянальнага прадукту ў студзені-жніўні 2018 года склаў 6,1 млрд. руб.
У сельскагаспадарчых арганізацыях выраблена прадукцыі на суму 1926,2 млн. рублёў.
Колькасць буйной рагатай жывёлы на 1 кастрычніка 2018 года склала 693,2 тыс. галоў. За 9 месяцаў 2018 года выраблена малака 903,7 тыс. тон. Выраблена (вырашчана) жывёлы і птушкі ў аб’ёме 219,7 тыс.тон.
Ураджай збожжавых і зернебабовых культур склаў 876,8 тыс. тон. Аб’ём рознічнага тавараабароту гандлю за студзень-верасень 2018 года склаў 3373 млн. руб.
Знешні гандаль ажыццяўляўся са 113 краінамі свету, у тым ліку экспарт – у 95 краін. Больш за 87% экспарту тавараў прыпадае на 5 краін: Расія, Польшча, Літва, Украіна, Казахстан.
У цэлым па вобласці за студзень-жнівень 2018 года атрымана 86,5 млн. рублёў чыстага прыбытку, выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг склала 13382,3 млн. рублёў.
З пачатку бягучага года ўведзена ў эксплуатацыю 269,6 тыс. кв. м жылля.
Узровень рэгіструемага беспрацоўя на 1 верасня 2018 года склаў 0,4% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.
За студзень-жнівень 2018 года намінальная сярэднямесячная заработная плата ў вобласці павялічылася на 18,9% і склала 799,5 руб., у жніўні – 857,6 руб.
З дакладам “Аб становішчы з пажарамі і гібеллю на іх людзей, прымаемых мерах па іх стабілізацыі” выступіў першы намеснік начальніка аддзела МНС Уладзімір Кажала.
Па пытанні “Дыспансерызацыя як метад ранняга выяўлення захворванняў, зніжэння ўзроўню смяротнасці і стабілізацыі дэмаграфічных паказчыкаў у раёнах вобласці” выступіла намеснік галоўнага доктара па медыцынскай часцы Інэса Гусева.
У час сустрэчы ў работнікаў вытворчага прадпрыемства мелася магчымасць задаць пытанні ўдзельнікам інфармацыйна-прапагандысцкай групы. Былі дадзены адказы на хвалюючыя пытанні, адначасова разглядаліся магчымасці іх вырашэння.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ