Да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь было прымеркавана ўрачыстае адкрыццё ў Дзятлаве магазіна “Еўраопт”, якое адбылося 30 чэрвеня. Гэта 37-ы магазін гандлёвай сеткі “Еўрагандаль” на Гродзеншчыне і 335-ы – у Беларусі.
“Еўраопт++”, які пачаў працаваць у Дзятлаве насупраць аўтавакзала, мае плошчу больш за 2200 квадратных метраў (806 з іх – гандлёвая), змяшчае ў сабе кандытарскі і мясны цэхі, шырокую прамтаварную групу. Персанал магазіна – 70 работнікаў, 99% з якіх – жыхары нашага раёна.
— Дзятлаўскаму раёну пашанцавала, бо “Еўраопт” такога фармату ёсць не ў кожным рэгіёне, – адзначыў, вітаючы гасцей, дырэктар філіяла ТАА “Еўрагандаль” у г. Гродне Аляксандр Аскараў.
Ён выказаў спадзяванні, што “Еўраопт” дапаможа дзятлаўчанам сэканоміць як грошы, так і час, які яны раней трацілі, выязджаючы на закуп у суседнія раёны. Зручнае размяшчэнне магазіна ўзбоч буйной аўтатрасы і вялікае месца для паркоўкі таксама павінны прывабіць наведнікаў.
Гасцямі ўрачыстага адкрыцця магазіна “Еўраопт” сярод іншых сталі прадстаўнікі раённых уладаў.
— Трэба сказаць, што ў дзяржаўнага і прыватнага гандлю Дзятлаўшчыны з’явіўся сёр’ёзны канкурэнт, таму трэба вучыцца працаваць па-новаму, больш актыўна, – заўважыў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Іван Крахмальчык. Па яго словах, не за гарамі – забудова паблізу ад магазіна новага жылога мікрараёна.
Дзень адкрыцця “Еўраопта” суправаджаўся прыемнымі акцыямі, дэгустацыямі ад мясцовых марак “Сырная страна” і “Алгонь”, а таксама рэкорднай колькасцю наведнікаў: за першыя 5 гадзінаў працы магазіна тут выбілі больш за 1300 касавых чэкаў.
Н. АВЯРЧУК