У час другога ўкосу працаўнікі сельскіх гаспадарак выкарыстоўваюць кожную прыдатную гадзіну, каб своечасова прыступіць да корманарыхтоўкі: паспець скасіць травы, добра напоўніць траншэі, якасна закласці сянажныя ямы. Травы, якія атрымалі ў свой час неабходную колькасць азоту, нарэшце дачакаліся спрыяльнага надвор’я і дружна пайшлі ў рост.
У ААТ “Граніт-Агра” поўным ходам ідзе другі ўкос траў. Гэтымі днямі нарыхтавана 983 тоны сенажу, скошаны травы з плошчы 300 гектараў. У сярэднім штодзень нарыхтоўваецца 170-200 тон сенажу.
У ААТ “Граніт-Агра” 1939 гектары займаюць шматгадовыя травы: канюшыны – 600 гектараў, канюшына ў сумесі з бабова-злакавымі – 720 гектараў, люцэрна – больш за 620 гектараў, плошча аднагадовых траваў – 8 гектараў.
На корманарыхтоўцы ўдарна працуюць высокавытворчыя кормаўборачныя комплексы КВК-800 (механізатары Віктар Гукіш і Рыгор Залучан).
Зялёную масу да сянажнай траншэі адвозілі МТЗ-1221 (трактарысты Дзмітрый Анушкевіч і Анатоль Дудар), МАЗ-102555 (механізатары Уладзімір Рак і Міхаіл Нагорны) і МАЗ 4570 (механізатар Віталій Болтач).
На прэспадборшчыку ПРФ-180Б працуе Уладзімір Кохан.
Кіраўніцтва ААТ “Граніт-Агра” кантралюе своечасовае правядзенне інструктажоў. Ад механізатараў і вадзіцеляў спецыялісты патрабуюць бездакорнага выканання правілаў тэхнікі бяспекі ў час правядзення корманарыхтоўчых работ.
Касавіца на палетках раёна працягваецца.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ