«Граніт-Агра» сее рапс

Падзеі

Масавае жніво ў раёне завершана. Збожжа і зернебабовыя культуры абмалочаны на плошчы, якая складае 96 працэнтаў ад уборачнай. Жніўныя палявыя работы змяняе падрыхтоўка палеткаў да сяўбы і ўласна сяўба. Першы ў чарзе — азімы рапс.

Як і летась, сёлета пад рапс у «Граніт-Агра» адведзены 400 гектараў. На 23 жніўня засеяны 320 гектараў, што склала 80 працэнтаў планавай плошчы. 22 жніўня ва ўрочышчы Еленка можна сказаць штатны сейбіт сельгаспрадпрыемства Дзмітрый Афанасік высяваў ужо правераны гібрыд «эдзімакс».

Галоўнаму аграному «Граніт-Агра» Антону Тарасевічу «эдзімакс» падабаецца. У яго буйное насенне, якое спрыяе актыўнаму старту вегетацыі. І па тэрміне выспявання — сярэднеспелы -«эдзімакс» задавальняе. Яго ўраджайнасць пры належным доглядзе каля 50 цэнтнераў на гранітаўскіх землях.

Увогуле з рапсавымі гібрыдамі Антон Тарасевіч, можна сказаць, паразуменне знайшоў. Другі год запар за клопат яны адплочваюць багатым ураджаем. А сёлета гранітаўскі рапс увогуле здзівіў. 50,8 цэнтнера з гектара! І не з лапіка ў дзясятак-другі гектараў, а з добрага кавалка ў 400. Намалот у бункернай вазе склаў 2032 тоны. Для належнай ацэнкі дасягнутага, давайце параўнаем некалькі лічбаў. Сёлетняя ўраджайнасць рапсу па Беларусі — 23,5 цэнтнера з гектара. Ураджайнасць рапсу па Гродзенскай вобласці, якая з’яўляецца аграрным лідарам Беларусі, — 30 цэнтнераў з гектара. Ураджайнасць рапсу ў Гродзенскім раёне, які з’яўляецца аграрным лідарам Гродзенскай вобласці, — 48,4 цэнтнера з гектара. Ураджайнасць рапсу ў «Граніт-Агра» — 50,8 цэнтнера. Што яшчэ сказаць да гэтага? Апладысменты — у залу!

Акрамя, так бы мовіць, таварных гібрыдаў, у «Граніт-Агра» будуць высеяны і эксперыментальныя. 5 — ад фірмы «Рапуль» і 1 — ад фірмы «Байер». Хто з эксперыментальных гібрыдаў пакажа сябе сама лепш, той, магчыма, і  пяройдзе ў таварны пасеў. У доглядзе азімага рапсу аграном плануе мінімум 7 апрацовак: 3 да зімы і 4 пасля зімы. Гэта без дадатковага вясновага харчавання пасеваў. Палетак ва ўрочышчы Еленка засяваецца рапсавым гібрыдам «эдзімакс». Палявая нарада каля высяваючага агрэгата. Сейбіт Дзмітрый Афанасік. Сяўба прадаўжаецца.

Б. Варна

Фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *