Сакрэт даўгалецця да гэтае пары не вызначаны. Аднак, тым не менш, ёсць у яго ўніверсальнае правіла — клапаціцца пра сваё здароўе.
Жыхару Польшчы Юзафу Карпеню дапамагае зрабіць гэта аздараўленне ў санаторыі «Радон» — «жамчужыне» дзятлаўcкай зямлі.
Упершыню пан Юзаф прыехаў у гэтую ўстанову аховы здароўя па парадзе свайго знаёмага. Высокая якасць медыцынскага абслугоўвання, патрэбныя фізіятэрапеўтычныя працэдуры — усё гэта станоўча паўплывала на агульны стан здароўя былога шахцёра. Менавіта гэта і з’явілася тым фактарам, што аздараўленне ў санаторыі «Радон» стала для яго своеасаблівай традыцыяй. Падтрымліваць яе бацьку, дзядулю і прадзядулю дапамагаюць яго родныя. Гэта шасцёра дзяцей, пятнаццаць унукаў, праўнукі. Сёлета яны таксама дапамаглі набыць пуцёўку ў санаторый «Радон», паколькі ўпэўнены, што яго клімат спрыяе даўгалеццю іх роднага чалавека.
Сёлетні прыезд у санаторый «Радон» стаў для пана Юзафа ўжо дваццатым па ліку, своеасаблівым падарункам да 89-годдзя. Яго пан Юзаф адзначыць праз некалькі месяцаў. У сувязі з гэтым варта пажадаць яму моцнага здароўя, клопату з боку родных і блізкіх, а таксама яшчэ не адзін раз наведаць санаторый «Радон», які, па прызнанні самога пана Юзафа, за многія гады стаў для яго сапраўды родным.
А. ДУБРОЎСКАЯ
НА ФОТАЗДЫМКУ: пастаянны наведвальнік санаторыя «Радон» Юзаф Карпеня
Фота аўтара