«Фарбы Перамогі» ў Дзятлаўскім музеі

Падзеі

Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей сёлета зноў падключыўся да культурнай акцыі «Ноч музеяў». Мерапрыемства прайшло пад назвай «Музей збірае сяброў». Яно было прымеркавана да 70-годдзя Вялікай Перамогі.

На імправізаванай сцэне перад уваходам у музей разгарнулася тэатралізаванае прадстаўленне «Фарбы Перамогі». Удзел у ім узялі школьнікі горада. У вершаваных радках яны ўзгадалі гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, шлях да Перамогі. Своеасаблівым сімвалам яе сталі выпушчаныя ў неба галубы.

Вялікай Перамозе дзеці, а таксама работнікі Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прысвяцілі шэраг музычных нумароў. «Жураўлі», Смуглянка», «Кацюша» — гэтыя  і іншыя вядомыя песні  ваенных гадоў прагучалі ў выкананні Васіля Шпігановіча, Яўгена Калодкі, Ганны Харлінскай. Сваёй творчасцю парадавалі народны ансамбль музыкі і песні «Ятранка», Наваельнянскі духавы аркестр. Запомнілася і выступленне самага юнага артыста канцэртнай праграмы — Арсеня Чыгіра, які выканаў песню пра салдата.

Разам з праглядам тэатралізаванага прадстаўлення жыхары горада маглі наведаць выставу-продаж «Горад майстроў», набыць прыгожыя рэчы, паўдзельнічаць у латарэі. Непасрэдна ў музеі працавалі выставы «Зброя Перамогі», стэндавага мадэлізму Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г. Дзятлава, Казлоўшчынскага дома інтэрнаната для псіханеўралагічных хворых. Таксама свае новыя работы — патрэты ўладароў Дзятлава, яго вядомых людзей — прэзентаваў вядомы мастак-кераміст Мікалай Несцярэўскі.

Акрамя гэтага, арганізатары мерапрыемства «Музей збірае сяброў» прапанавалі яго наведвальнікам паспрабаваць сваю трапнасць у ціры, паўдзельнічаць у танцавальнай праграме. У час свята таксама працавалі гандлёвая кропка Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, атракцыёны для дзяцей.

А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *