Складнікі поспеху нашага раёна
Сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ў рамках Года малой радзімы арганізаваў праект “Глыбінкай жывая Беларусь”, які накіраваны на адраджэнне і захаванне памяці, духоўнага багацця малой радзімы.
Нішто на зямлі не можа быць бліжэй, чым малая радзіма. У кожнага яна свая, для многіх людзей – гэта звычайная маленькая вёсачка, у якой яны нарадзіліся і выраслі.
У наш час ідзе працэс вымірання такіх вёсачак. Але ў кожнай з іх ёсць свая непаўторная гісторыя, свае звычаі і традыцыі і ёсць людзі, якія берагуць гэту гісторыю. У вёсках такія людзі – гэта старасты.
Звычайна менавіта да старасты спяшаюцца найперш з набалелым вяскоўцы. Стараста вёскі – гэта грамадскі абавязак. І яго возьме на сябе толькі чалавек, які нераўнадушны да патрэбаў навакольных, вельмі любіць свой населены пункт і робіць усё магчымае, каб ён быў лепшы.
Старастамі становяцца, несумненна, людзі выбітныя, адметныя ў вёсцы, найбольш актыўныя, камунікабельныя і аўтарытэтныя. Менавіта такой з’яўляецца Галіна Ганчар, стараста вёскі Яблынька Парэцкага сельскага савета.
Да гэтай дбайнай гаспадыні ідуць землякі з рознымі пытаннямі, ды і проста сустракаюцца з ёю, каб перакінуцца словам, пажартаваць.
Нарадзілася яна 1 студзеня 1940 года ў невялікай вёсачцы Пушча Ліпічанская. Вельмі цяжкім было дзяцінства маленькай Галіны. Старэйшыя брат Міхаіл і сястра Алена дапамагалі бацькам, рабілі нават самую цяжкую работу па гаспадарцы: жалі жыта, касілі сена, пасвілі кароў. Як і ўсе дзеці ў вёсцы ў той час. А гаспадарку трымалі вялікую, і на яе трэба было шмат працаваць.
“Але мірнае жыццё ўскалыхнула вайна, – успамінае Галіна Міхайлаўна. – Бацька пайшоў ваяваць, і ўсе клопаты леглі на плечы маці і дзяцей. Страшны быў час. Кожны дзень цягнуўся, нібы год, бо не ведалі, што будзе вечарам ці раніцай. Людзі стараліся выжыць, хапаліся за кожную саломінку, за кожны кавалачак зямлі, дзе можна было пасадзіць якую бульбіну ці бурак. Выжывалі, як маглі. І пасляваенны час быў вельмі цяжкі, трэба было пачынаць усё спачатку: рамантаваць, будаваць, садзіць. Але паціху наладжвалася жыццё ў нашай вёсачцы”.
Галіна Міхайлаўна расказвае, што хадзіла ў Дзям’янаўскую школу, скончыла 7 класаў. Бацькі хацелі, каб яна вучылася далей, і паслалі ў Арлянскую школу. Аднак там правучылася толькі адзін тыдзень і пайшла на работу.
Жыццё ішло сваім ходам. У 21 год выйшла замуж за Васіля Ганчара. У іх нарадзіліся чацвёра дзетак.
Вялікі і багаты працоўны стаж Галіны Міхайлаўны: працавала некаторы час на свінаферме, потым даяркай, звеннявой, хадзіла ў брыгаду разам з аднавяскоўцамі, была брыгадзірам паляводчай брыгады. Нават пасля выхаду на пенсію яшчэ паўтара года працавала загадчыцай склада.
Пры злучэнні Дзям’янаўскага і Парэцкага сельскіх саветаў Галіну Міхайлаўну выбралі старастай вёскі Яблынька. Гады праляцелі, а яшчэ і сёння памятае яна той хвалюючы момант, калі аднавяскоўцы дружна прагаласавалі за яе кандыдатуру. І не прагадалі, бо спраўляецца жанчына са сваімі абавязкамі на выдатна. Нездарма яе некалькі разоў узнагароджвалі граматамі і каштоўнымі падарункамі за выкананне абавязкаў старасты.
Шчаслівай называе яна сваю хатку, бо ў ёй перабыло многа людзей. Тут збіраліся на вячоркі, спявалі, абмяркоўвалі любыя падзеі і навіны. Нават і цяпер, калі засталося ў вёсцы толькі трынаццаць чалавек, сустракаюцца ўсе разам, успамінаюць мінулае.
Ірына БАКШУК,
культарганізатар сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтра культуры і народнай творчасці
Стоит почитать:
З гісторыі Жукоўшчынскага парку
3 Комментарии
К сожалению, о белорусской деревне скоро могут остаться только хорошие воспоминания.
Иван, вы не правы!
Все к этому и идет