У Дзятлаве 14 сакавіка адбыўся Х пленум райкама Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.
На яго былі запрошаны старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый, старшыня і намеснік старшыні раённага Савета ветэранаў працы галіны і прафсаюза.
У рабоце пленума прымалі ўдзел галоўны спецыяліст Гродзенскага абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Абрыкосава, старшыня Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Андрэй Сатараў.
На павестку дня былі вынесены пытанні аб рабоце прафкамаў, старшыняў прафсаюзных арганізацый па павышэнні ролі прафсаюзных пярвічак у абароне працоўных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў членаў прафсаюза,
справаздача рэвізійнай камісіі Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі за 2017 год.
Выступаючы перад прысутнымі, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Станіслаў Фабішэўскі адзначыў, што пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі працуюць ва ўсіх установах адукацыі раёна. На пачатак 2018 года колькасць членаў прафсаюза складае 1168 чалавек з ліку працуючых і 344 непрацуючых пенсіянераў, якія знаходзяцца на прафсаюзным уліку.
Важным напрамкам работы пярвічных прафсаюзных арганізацый была і застаецца ахова працы. У раёне працуюць 39 грамадскіх інспектараў і 5 камісій. За мінулы год праведзена 108 маніторынгаў па ахове працы, у ходзе якіх выяўлена 54 парушэнні.
Па выніках 2017 года пераможцамі Рэспубліканскага галіновага агляду-конкурсу на лепшае правядзенне грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы на раённым узроўні прызнаны прафсаюзны камітэт Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы (старшыня Аксана Роўба).
Раённым камітэтам прафсаюза, арганізацыйнымі структурамі праводзіцца мэтанакіраваная работа з ветэранамі, прымаюцца меры па абароне іх інтарэсаў,
наладжана цеснае ўзаемадзеянне з аддзелам адукацыі, спорту і турызму па пытаннях работы з маладымі спецыялістамі, стварэнні для іх неабходных сацыяльна-бытавых умоў.
Фізкультурна-спартыўная работа традыцыйна з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці камітэта. Ва ўстановах адукацыі створаны 22 клубы фізічнай культуры і спорту, 36 груп і секцый па спартыўных інтарэсах.
На працягу 2017 года на раённым узроўні праведзена 12 галіновых спартыўна-масавых мерапрыемстваў.
Ужо стаў традыцыйным агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці “Новыя імёны Беларусі”. У бягучым годзе ў раённым этапе Рэспубліканскага галіновага прафсаюзнага фестывалю “Працоўныя таленты” прынялі ўдзел прадстаўнікі 18 установаў адукацыі. Фіналіст раённага этапу конкурсу “Беларускі майстар – 2018” Святлана Кетка стала абласным прызёрам.
– Упэўнены, што, захоўваючы лепшыя традыцыі, праяўляючы прафесіяналізм і адказнасць на кожным даручаным участку, старшыні прафсаюзных арганізацый і прафсаюзны актыў змогуць вырашаць пастаўленыя задачы ў інтарэсах членаў прафсаюза, – сказаў Станіслаў Баляслававіч.
Вопытам работы на пленуме падзяліліся старшыні прафкамаў Святлана Кетка, настаўніца інфарматыкі гімназіі №1горада Дзятлава; Наталля Бойка, настаўніца пачатковых класаў Лявонавіцкага дзіцячага сада-базавай школы і член прэзідыума райкама прафсаюза Марына Лашкоўская, дырэктар Наваельнянскай сярэдняй школы.
Вынікі пленума падвялі Андрэй Сатараў і Таццяна Абрыкосава. Яны падзякавалі старшыням пярвічных прафсаюзных арганізацый за актыўную дзейнасць.
Вольга ЮШКЕВІЧ