У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Ігар Кухарэвіч, прадстаўнікі пярвічных арганізацый аб’яднання наведалі пацыентаў дзіцячага аддзялення Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Разам з гасцямі да хворых дзяцей завітала сапраўдная навагодняя казка. Добрыя чараўнікі Дзед Мароз і Снягурачка прывялі з сабой сімвалаў новага 2018 года — роставых лялек-сабак. Яны весялілі дзяцей, вадзілі з імі карагоды. Яшчэ дзеткам прапанавалі адгадаць загадкі, расказаць вершы, згуляць у навагоднюю гульню «Такія нашы ёлачкі». Ну і, вядома ж, за ўсё гэта яны атрымлівалі цукеркі ад Дзеда Мароза, аж пакуль яго мех не апусцеў.
З надыходзячымі святамі пацыентаў і работнікаў аддзялення павіншаваў старшыня раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Ігар Кухарэвіч.
— Напярэдадні Новага года многія з вас ужо сталі ўдзельнікамі мерапрыемстваў, якія праходзяць у рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». Гэта пацвярджэнне таму, што наша дзяржава надае шмат увагі падрастаючаму пакаленню — будучыні нашай краіны.
Шкада, што ў гэты перадсвяточны час вы знаходзіцеся ў бальніцы, таму жадаю хутчэйшага выздараўлення, каб святы сустрэлі дома, разам з сям’ёй. Поспехаў вам у вучобе і моцнага здароўя. Дарослым таксама жадаю здароўя, шчасця, міру і дабра. Работнікам аддзялення — працоўных поспехаў і ўсяго найлепшага.
Напрыканцы сустрэчы дзетак запрасілі за «салодкі стол» ад Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь».
Ірына КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара