Віктар Белы: “У маёй рабоце – толькі плюсы”

Падзеі

Энергетыкі жартуюць, што іх праца незаўважная для людзей, пакуль не адключыцца электрычная энергія, тады гэта становіцца сапраўднай катастрофай і яны адразу ж становяцца самымі неабходнымі на свеце людзьмі. Сёння без электрычнага току не можа існаваць, мабыць, ніводная галіна вытворчасці. Ён ёсць у кожным доме. Аднак, калі няправільна абыходзіцца з электратокам, ён можа быць вельмі небяспечны.

Як не баяцца электрычнасці, як з ёю працуюць і за што цэняць, расказаў Віктар Белы, майстар па эксплуатацыі і замене сродкаў уліку электраэнергіі.

— Віктар Мікалаевіч, як даўно працуеце энергетыкам?

–- У Дзятлаўскім раёне электрычных сетак працую з 2000 года. Спачатку быў манцёрам у кабельнай брыгадзе, потым, пасля заканчэння завочнага аддзялення Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта, — інжынерам у аддзеле збыту, а цяпер — майстар па эксплуатацыі і замене сродкаў уліку электраэнергіі. Можна сказаць, уся мая працоўная дзейнасць — 17 гадоўзвязана з Дзятлаўскім РЭС. Толькі адзін год пасля заканчэння Жыровіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума адпрацаваў у калгасе.

— Не надакучыла столькі гадоў на адным месцы?

Надакучае справа, якая не падабаецца, а я сваю работу люблю.

— А што ўваходзіць у вашы абавязкі?

Рабочы дзень, як і ў любога майстра, пачынаецца з планёркі. Потым даю манцёрам заданні. Шмат прыходзіцца працаваць з дакументамі, але асноўная работа — з людзьмі. Мы ўстанаўліваем і мяняем прыборы ўліку электраэнергіі ў прыватных дамах і на прадпрыемствах, заключаем дагаворы, бяром на баланс, сочым за своечасовай аплатай. Усе карыстаюцца электраэнергіяй, а мы яе ўлічваем, адпаведна, сродкі ўліку павінны быць у спраўным тэхнічным стане.

— На цяжкасці не скардзіцеся. Спраўляецеся?

Я бы сказаў, гераічна пераадольваю. Цяжкасці ўсюды ёсць. А як без іх?

— Як складваюцца вашы адносіны з падначаленымі?

Гэта ў іх трэба спытаць. Спадзяюся, што поўнае ўзаемаразуменне. Часам, бывае, неабходна быць і строгім, але ў цэлым, адзін аднаго падтрымліваем.

— У чым плюсы і мінусы вашай работы, можаце назваць?

Я бачу толькі плюсы, не магу сказаць, што шмат мінусаў. Вядома, у нас небяспечная работа, трэба адносіцца да сваіх абавязкаў вельмі добрасумленна. Я павінен думаць не толькі пра сябе, але і адказваць за падначаленых. А так, работа у мяне цікавая і карысная, бо без электрычнасці сёння — ніяк.

— Віктар Мікалаевіч, на ваш погляд, якімі якасцямі павінен валодаць энергетык, каб быць прафесіяналам?

У першую чаргу, чалавек павінен быць адукаваным, ведаць і разумець, што і як рабіць.

Таксама — добрасумленным і адказным. Ток небяспечны для жыцця, таму ў нашай прафесіі – ніякай халатнасці. Што датычыцца майго ўчастка работы, то яшчэ неабходна быць камунікабельным. Мяняючы і правяраючы лічыльнікі, мы павінны ўмець дамаўляцца з людзьмі, бо людзі бываюць усялякія, кожны — гэта новая гісторыя. Трэба правільна абазначыць сваю пазіцыю, каб яны зразумелі, што мы ад іх хочам, каб не было скаргаў. Бывае, мы караем людзей, калі выяўляем, што яны крадуць электрычнасць. Да кожнага трэба знайсці індывідуальны падыход.

— А сям’я вас падтрымлівае?

Безумоўна. Дома я адпачываю ад працоўных клопатаў, мяне заўсёды чакаюць жонка Ала, сыны-школьнікі Ягор і Кірыл.

— Сыны не хочуць узяць прыклад з таты і прадоўжыць яго справу?

Не ведаю, малодшы яшчэ не вырашыў, захапленняў у яго шмат, а старэйшы марыць быць праграмістам. Я не магу сваім дзецям нешта навязваць, прымушаць іх выбіраць пэўную прафесію. Яны самі павінны вызначыцца са сваім выбарам. Аднак калі захочуць стаць энергетыкамі, то ва ўсім дапамагу, падтрымаю.

— А хацелася б нейкіх пераменаў у рабоце? Можа, змяніць пасаду або ўвогуле прафесію?

Думаю, любому чалавеку заўсёды хочацца нешта памяняць, імкнуцца да лепшага. Як кажуць, дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам. Работу памяняць не хачу. Калі навальваецца шмат цяжкасцяў, бываюць такія думкі, але ўсё ж — не.

— Лічыце, што вы на сваім месцы?

Так. Бывае, чалавек можа працаваць на адным месцы 10, 15 гадоў, а потым разумее, што гэта зусім не тое, не яго. Але ў мяне такога няма.

— Што пажадаеце калегам да прафесійнага свята?

Здароўя, цяпла ў сем’ях, дабрабыту, чалавечых адносінаў.

Святлана ГРЫШЫНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *