Інтарэсы непаўналетніх у судзе

Падзеі

У ліку асноўных накірункаў палітыкі дзяржавы — абарона правоў, свабодаў і законных інтарэсаў непаўналетніх як найбльш уразлівых членаў нашага грамадства. Правы дзяцей абараняе і судовая сістэма. Асаблівую катэгорыю складаюць судовыя справы, якія закранаюць інтарэсы непаўналетніх.

Статыстыка наступная: у 2016 годзе судом Дзятлаўскага раёна разгледжаны 154 справы гэтай катэгорыі, што на 67,4% больш, чым у 2015 годзе.

Большасць спраў тычылася скасавання шлюбу бацькоў, якія маюць непаўналетніх дзяцей. Усяго ў 2016 годзе такіх спраў судом разгледжана 63, шлюб скасаваны па 51 справе, 11 спраў спынены ў сувязі з прымірэннем мужа і жонкі, адмоўлена ў іску па адной справе. Пры разглядзе спраў аб скасаванні шлюбу бацькоў, якія маюць непаўналетніх дзяцей, судом прымаюцца ўсе меры, скіраваныя на захаванне сям’і. Адна з такіх мераў — прадастаўленне дадатковага тэрміну для прымірэння. Па разгледжаных справах такі тэрмін прадастаўляўся ў 25 выпадках, па 12 з іх — з ініцыятывы суда. З патрабаваннем аб скасаванні шлюбу звярталіся бацькі, якія маюць на ўтрыманні адно дзіця (па 43 справах), двух дзяцей (па 15 справах), трох дзяцей (па 5 справах).

Пры вынясенні рашэння аб скасаванні шлюбу, калі ёсць спрэчка аб выхаванні і ўтрыманні дзяцей, суд вызначае, з кім з бацькоў яны будуць жыць, парадак стасункаў з дзецьмі і ўдзелу ў іх выхаванні таго з бацькоў, хто жыве асобна, памер аліментаў на дзяцей. Акрамя таго, бакі могуць заключыць Пагадненне аб дзецях, у якім будуць урэгуляваны гэтыя пытанні.

Па 3 справах аб скасаванні шлюбу таксама былі заяўлены патрабаванні аб спагнанні аліментаў, па 2 справах бакамі было заключана Пагадненне аб дзецях, якое было зацверджана судом.

Аб спагнанні аліментаў суд разгледзеў 55 спраў, аліменты спагнаны па 54 справах, прычым па чатырох істцамі выступілі бацькі (отцы).

Акрамя таго, судом разгледжаны 7 спраў аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў, задаволены 6, па адной у іску адмоўлена. Паколькі пазбаўленне бацькоўскіх правоў з’яўляецца выключнай мерай для абароны правоў і інтарэсаў дзяцей, справы гэтай катэгорыі разглядаюцца з улікам асаблівасцяў, вызначаных Грамадзянскім працэсуальным кодэксам і Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і. Такія справы разглядаюцца з абавязковым удзелам пракурора і прадстаўніка органа апекі і апекавання.

Таксама разгледжаны 2 справы аб аднаўленні ў бацькоўскіх правах, адна з якіх задаволена, па адной — у іску адмоўлена.

Па заяўленых ісках аб страце права карыстання жылым памяшканнем і высяленні, паколькі ў спрэчных жылых памяшканнях пражывалі непаўналетнія, судом да ўдзелу ў справе прыцягваліся органы апекі і апекавання. Такіх спраў разгледжана 7. У іску адмоўлена па 2-х справах, задаволены патрабаванні па 3-х справах, 2 справы спынены з-за адмовы істцоў ад іску.

Судом разгледжана адна справа аб удачарэнні. Біялагічная маці дзіцяці была пазбаўлена бацькоўскіх правоў, дзіця змешчана ў прыёмную сям’ю, якая вырашыла ўдачарыць дзяўчынку.

Святлана ЛАБАР,
суддзя суда Дзятлаўскага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *