МТФ “Зачэпічы” СВК “Жукоўшчына” за 2014 год прыбавіла па 1541 кілаграму малака ад каровы, дасягнуўшы гадавога надою ў 6946 кілаграмаў
Ферма “Зачэпічы” не тыповая для нашага часу. Калі некалькі гадоў таму вырашалі пытанне пра яе мадэрнізацыю, адважыліся на нестандартнае рашэнне: абнавіць, але пакінуць у ранейшых сценах і ў ранейшым аб’ёме. Мадэрнізацыя завяршылася ў 2012 годзе. Было капітальна абноўлена тэхналагічнае абсталяванне і вытворча-бытавыя памяшканні персаналу.
Клопат пра людзей, якія тут працуюць, асабліва заўважны. У пакоях адміністрацыйна-бытавога корпуса чыста, светла і цёпла. Еўраўзровень.
— У нас ёсць усё, што трэба, — пацвярджае вонкавае ўражанне загадчыца фермы Т. Калодка, — душавая кабіна, халадзільнік, мікрахвалевая печка, камп’ютар.
— Усё гэта працуе?
— Усё працуе. І нашу, жывёлаводаў, працу з колішняй не параўнаць… Асноўныя вытворчыя працэсы механізаваны: раздача кармоў, даенне. Наша задача – сачыць за працэсамі, папраўляць, дарабляць, клапаціцца пра чысціню даільнага абсталявання, увогуле пра парадак на ферме. А некалі, успамінаю, прывязуць на ферму буракі, скінуць у кучу, і мы, дзяўчаты, расцягваем іх па кармушках. Такая была работа… — прыгадвае Тэрэса Вітольдаўна.
Праўда, на ферме і ва ўсёй гаспадарцы завуць яе Таняй. Чаму?
— Гэта імя яшчэ з тэхнікума. Аднакурснікі “перахрысцілі”, мабыць, называць мяне Таняй ім падабалася больш.
Верагодна, што перайначанае імя прывезла за дзяўчынай у Зачэпічы яе сяброўка Галя Драган. Яны разам вучыліся ў Ваўкавыскім саўгасе-тэхнікуме, разам прыехалі на працу ў “Жукоўшчыну”, разам працуюць вось ужо 26 гадоў. Тэрэса-Таццяна Вітольдаўна – загадчыца фермы. Галіна Казіміраўна – памочніца загадчыцы і ветфельчар.
— А ўсяго колькі на ферме работнікаў?
— Дванаццаць. І ўсе харошыя работнікі,— суладна зазначаюць загадчыца і яе памочніца. – Разам працуем, разам святкуем – з чаем і торцікам.
— Вы больш за чвэрць стагоддзя працуеце на гэтай ферме, мабыць, самыя старэйшыя яе работніцы?
— Не, старэйшыя ў нас Ала Віктараўна Дамброўская, Тамара Аляксандраўна Гайдукевіч, Юрый Сяргеевіч Драган. А самая малодшая – Марына Пуставая, яна нядаўна, перад новым годам, пераехала з Украіны. Абжываецца ў нас, стараецца. У нас усе харошыя людзі.
Там, дзе групуюцца харошыя людзі, ствараецца харошы мікраклімат. Ускосным пацвярджэннем гэтаму такі выпадак. Заехаў на ферму старшыня гаспадаркі І. Свіб і адразу да жывёлаводаў, што кажуць, “з наездам”: чаму, маўляў, цяляты разбрыліся, ужо і за плот павылазілі, зараз, глядзі, у лес паўцякаюць (лес ад фермы непадалёку)?! А ё-ечкі, як разбрыліся, як за плотам? – усхапіліся жанчыны. Не можа такога быць… Кінуліся за ферму глядзець. А за плотам чарада казуляў, налічылі, здаецца, 17 асобінаў, пасецца. Падышлі да саменькага будынка, і не ўцякаюць, згледзеўшы людзей. Старшыня І. Свіб, казуляў, вядома, апазнаў своечасова, але, ахвочы да жартаў-прыколаў, зладаваў на ферме жартоўны перапалох. Ну, а выснова з гэтага здарэння такая: дзікая жывёліна да кепскага чалавека, у небяспечнае, трывожнае месца не пойдзе. На ферме ў Зачэпічах для жывёлін створаны спрыяльны мікраклімат.
Самым яскравым пацвярджэннем таму – вытворчыя вынікі калектыву. У першы пасля мадэрнізацыі год – 2013-ы – кароўкі на Зачэпіцкай МТФ далі ў сярэднім па 5405 кілаграмаў малака кожная. Ферма стала трэцяю ў раёне па выніковасці. У наступны год – 2014-ы – прыбавілі яшчэ па 1541 кілаграму і за год атрымалася па 6946 кілаграмаў. Гэта ўжо першы вынік у раёне. Удала распачаўся для Зачэпіцкай фермы і 2015-ы, надой за студзень склаў па 603 кілаграмы, плюс у параўнанні з леташнім студзенем 45 кілаграмаў. Гэтымі днямі кожная кароўка на ферме дае па два вядры малака штодзень – па 21,4 кілаграма.
І тут трэба ўдзячным словам успомніць агранамічную службу гаспадаркі, якая клапоціцца пра кармы для фермы, заатэхнічную службу, якая з вырашчанага на палях і сенажацях складае кармавы рацыён, вядзе племянную работу.
Нетыповы праект мадэрнізацыі Зачэпіцкай малочнатаварнай фермы, мяркуючы з вытворчага выніку, сябе поўнасцю апраўдаў.
Б. ВАРНА