Парадак дня трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі дапоўнены новымі законапраектамі. Такое рашэнне прынята сёння на пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў, якое прайшло пад старшынствам спікера Уладзіміра Андрэйчанкі, паведамілі ў прэс-службе парламента.
У прыватнасці, члены Савета прынялі рашэнне дапоўніць парадак дня трэцяй сесіі ратыфікацыяй пагаднення паміж урадамі Беларусі і Туркменістана аб супрацоўніцтве ў галіне барацьбы са злачыннасцю, ратыфікацыяй пратакола аб унясенні паправак у міжурадавае пагадненне Беларусі і Расіі аб выкарыстанні міграцыйнай карткі адзінага ўзору ад 5 кастрычніка 2004 года, ратыфікацыяй пагаднення аб парадку добраахвотнага ўзгаднення дзяржавамі — членамі Еўразійскага эканамічнага саюза з Еўразійскай эканамічнай камісіяй спецыфічных субсідый адносна прамысловых тавараў і правядзення ЕЭК разбораў, звязаных з прадастаўленнем дзяржавамі — членамі ЕАЭС спецыфічных субсідый.
На асенняй сесіі таксама будуць разгледжаны папраўкі ў закон Беларусі «Аб патэнтах на вынаходствы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры», ратыфікацыя пагаднення паміж урадам Беларусі і ўрадам Кітая аб развіцці міжнародных грузавых перавозак і супрацоўніцтве ў рэалізацыі канцэпцыі будаўніцтва Эканамічнага пояса Шаўковага шляху, ратыфікацыі пагаднення аб збліжэнні падыходаў па нарматыўна-прававым і нарматыўна-тэхнічным рэгуляванні, ацэнцы адпаведнасці, стандартызацыі, акрэдытацыі і метралагічным забеспячэнні ў галіне выкарыстання атамнай энергіі ў мірных мэтах.
Акрамя таго, на пасяджэнні прыняты рашэнні аб правядзенні ў лістападзе 2017 года выязных пасяджэнняў пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях, а таксама па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце. У ходзе пасяджэнняў плануецца вывучыць сітуацыю па стварэнні рабочых месц і забеспячэнні занятасці, вопыт мясцовага кіравання і самакіравання ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных праблем насельніцтва.