Не пакідаем сам-насам з праблемамі

Падзеі

З пачаткам ацяпляльнага сезона стартавала пажарна-прафілактычная акцыя «За бяспеку разам». Яе мэта — зніжэнне колькасці пажараў, якія адбываюцца з-за парушэння грамадзянамі правілаў пажарнай бяспекі ў жылых дамах.

Разам з супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, газавай службы, электрасетак, энерганагляду, міліцыі, прадстаўнікамі сельскіх выканаўчых камітэтаў работнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва горада Дзятлава прымаюць удзел у рабоце аглядавых камісій. Задача камісій — праверыць стан жылых памяшканняў грамадзян, правесці інструкцыйна-тлумачальную работу.

Не заўсёды пажылыя людзі, адзінокія грамадзяне і тыя, якія жывуць адзінока, могуць самі адэкватна ацаніць, ці адпавядае іх жыллё супрацьпажарным патрабаванням. Найчасцей яны не ведаюць, як правільна выправіць яўныя парушэнні. Для таго, каб пералічаныя катэгорыі грамадзян не засталіся сам-насам з праблемамі, працуюць аглядавыя камісіі. Кваліфікаваныя супрацоўнікі ўсіх суб’ектаў прафілактыкі даюць поўную ацэнку сітуацыі, своечасова інфармуюць аб існуючых праблемах з праводкай, пячным ацяпленнем, газавымі катламі, плітамі. Наша задача не пакараць гаспадароў за знойдзеныя недахопы і парушэнні, а дапамагчы парадамі і інструкцыямі па іх ухіленні.

Калі ў дамах грамадзян, якія жывуць адзінока, ёсць праблемы, мы высвятляем адрасы і тэлефоны дзяцей. Не варта хвалявацца з-за гэтага. Такая інфармацыя патрэбна, каб паслаць пісьмо з рэкамендацыяй дапамагчы пажылым бацькам ва ўхіленні выяўленых недахопаў. З-за ўзросту або адсутнасці тэхнічных ведаў пажылыя людзі не змогуць самі патлумачыць дзецям, што менавіта трэба адрамантаваць.

Толькі разам можна вырашыць любыя задачы. Памятайце: пажарная бяспека вашых дамоў — гэта вашы жыццё і здароўе, бяспека вашых блізкіх.

В. СТУПЧЫК,
псіхолаг Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *