Днямі адзначылі сваё прафесійнае свята работнікі сацыяльнай службы – міласэрныя, душэўныя людзі. Ім заўсёды блізкая чужая бяда, яны не шкадуюць ні часу, ні сілаў, каб прыйсці на дапамогу, часта забываючыся пра сябе. Такія людзі працуюць у Казлоўшчынскім доме-інтэрнаце для псіханеўралагічных хворых, 50-годдзе з дня заснавання якога было прымеркавана да Дня работнікаў сацыяльнай абароны. З гэтай нагоды ў актавай зале дома-інтэрната сабраўся калектыў установы і ганаровыя госці свята, адным з якіх стаў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Іван Іосіфавіч Крахмальчык.
Гісторыя Казлоўшчынскага дома-інтэрната для псіханеўралагічных хворых пачыналася паўстагоддзя таму з утварэння ў жніўні 1964 года Казлоўшчынскага дзіцячага дома інвалідаў, загадчыкам якога быў прызначаны М.А. Бубноўскі. У тым жа годзе на базе ўстановы быў утвораны Казлоўшчынскі дом інвалідаў і састарэлых, у які з Дзятлаўскага дома інвалідаў перавялі 117 чалавек. У розныя гады дом-інтэрнат узначальвалі І.Ф. Медвядчук, І.Л. Сайчык, І.С. Ступчык, В.В. Марук, А.Я. Бялятка, М.М. Дзям’янчык.
Дзеючы дырэктар Казлоўшчынскага дома-інтэрната Ігар Ціхан, карыстаючыся святочнай нагодай, падрахункаваў зробленае ва ўстанове за мінулы год. Для энергазберажэння летась тут замянілі 17 адзінак электраабсталявання на менш энергаёмкае. Стала больш камфортнай праца абслугоўваючага персанала: для гэтага замянілі абсталяванне ў харчаблоку і пральні. Сіламі работнікаў была добраўпарадкавана немалая тэрыторыя ўстановы,добраўпарадкаванне працягнецца сёлета; праведзены бягучы рамонт з заменай вокнаў у некалькіх аддзяленнях дома-інтэрната. Казлоўшчынскі дом-інтэрнат – адзіная ў Гродзенскай вобласці з такіх установаў, якая захавала і працягвае весці падсобную гаспадарку і атрымлівае ад яе прыбытак. Ён сёлета склаў 354 мільёны рублёў. Згодна з бізнэс-планам на бягучы год, нават без пагалоўя свіней сёлета гаспадарка павінна стаць больш эфектыўнай.
— Работы ў нас з вамі ў 2015 годзе дастаткова, – звярнуўся да калегаў Ігар Аляксеевіч Ціхан. – Планы вялікія, але іх магчыма выканаць.
У перспектыве – працяг бягучага рамонту аддзяленняў, цеплавая мадэрнізацыя будынка, добраўпарадкаванне тэрыторыі. У гэтым годзе арганізацыя сустрэне абласное свята дажынак “Багач” сярод дамоў-інтэрнатаў для псіханеўралагічных хворых. У снежні тут пройдзе конкурс самадзейнасці сярод жыхароў дамоў-інтэрнатаў Гродзенскай вобласці “Калядная ёлка”.
З прафесійным святам і юбілеем арганізацыі прысутных павіншаваў старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Іван Іосіфавіч Крахмальчык.
— Сёння самае важнае для нас – чалавек, – адзначыў кіраўнік раёна. – І мы павінны зрабіць усё магчымае, каб абараніць усе катэгорыі насельніцтва.
Іван Іосіфавіч нагадаў, што першыя, каму мы павінны аддаваць свой клопат і ўвагу – гэта нашы бацькі, заўжды помніць свае карані і наведваць бацькоўскі дом, берагчы ўсё тое, што зроблена для нас.
Да пажаданняў любові, шчасця і дабрабыту старшыня Дзятлаўскага райвыканкама далучыў узнагароды Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта. Іх з рук Івана Іосіфавіча Крахмальчыка атрымалі Г.Б. Барук, Л.У. Грышук, Т.У. Скрундзь, А.І. Бараноўская, І.У. Логін, В.А. Ярош.
За ўзорнае выкананне прафесійных абавязкаў і з нагоды Дня сацыяльнага работніка сваіх калегаў узнагародзіў дырэктар Казлоўшчынскага дома-інтэрната Ігар Ціхан.
Урачыстую частку мерапрыемства працягнула канцэртная праграма, у час якой работнікі Казлоўшчынскага Дома культуры радавалі прысутных песнямі ды гумарэскамі. Свае песенныя нумары прадставілі прысутным і самі пражываючыя Казлоўшчынскага дома-інтэрната для псіханеўралагічных хворых. Акрамя таго, яны здзівілі гасцей установы таленавітымі і неардынарнымі творамі дэкаратыўна прыкладнога мастацтва на калядную тэматыку, якія экспанаваліся ў фае дома-інтэрната.
Н. АВЯРЧУК