На Дзятлаўшчыне прайшоў раённы тэматычны тыдзень «Я — грамадзянін краіны Піянерыя!», прысвечаны дню нараджэння грамадскага аб’яднання «БРПА».
Стартаваў тыдзень урачыстымі лінейкамі, якія праходзілі ва ўстановах адукацыі нашага раёна. Акрамя таго, былі праведзены раённая гульня «Форд — Піянер», прысвечаная дню нараджэння ГА «БРПА», адзіная раённая класная гадзіна «Сустрэча пакаленняў» з удзелам ветэранаў піянерскага і камсамольскага руху, рэкламна-агітацыйныя акцыі аб дзейнасці піянерскіх дружын, музычныя перапынкі, конкурс эсэ «Патрыятызм у маім разуменні».
Фінішаваў тэматычны тыдзень раённай інтэлектуальна-пазнавальнай гульнёй «Зорны час: падарожжа ў краіну Піянерыя». Удзел у ёй прынялі старшыні саветаў піянерскіх дружын установаў адукацыі раёна, сакратары пярвічных арганізацый ГА «БРСМ».
Удзельнікі гульні падзяліліся на дзве каманды — «Лідары» і «Даследчыкі» — і прайшлі чатыры раўнды. Ім давялося прадэманстраваць свае веды па гісторыі піянерскага руху, пачынаючы з 20-х гадоў мінулага стагоддзя па цяперашні час.
Выступленні каманд ацэньвалі эксперты: педагог-арганізатар Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Аксана Віктараўна Роўба, педагог-арганізатар Казлоўшчынскай сярэдняй школы Наталля Мікалаеўна Каўцэвіч, ветэран камсамольскага і піянерскага руху Валянціна Іванаўна Скок. За актыўны ўдзел і веды па гісторыі піянерскага руху навучэнцы атрымалі ад экспертаў граматы раённага савета ГА «БРПА». Фінальным акордам сустрэчы стаў запуск паветранага змея.
Бліц-апытанне, праведзенае сярод удзельнікаў мерапрыемства, паказала, што слова «піянер» у наш час, як і 95 гадоў таму, гучыць горда.
І. МІШЧАНКА,
старшыня раённага савета ГА «БРПА», метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава