Уборка збожжавых павінна завяршыцца ў Беларусі да 20 жніўня. Адпаведную задачу паставіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на праведзенай 2 жніўня рэспубліканскай селектарнай нарадзе. На перыяд уборачнай кампаніі Прэзідэнт пашырыў паўнамоцтвы старшынь райвыканкамаў, а таксама запатрабаваў асабістага ўключэння ў арганізацыю працэсу чыноўнікаў самага высокага рангу.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10-11 жніўня робіць рабочую паездку ў Брэсцкую вобласць. Кіраўнік дзяржавы наведаў ААТ «Квасевічы» ў Івацэвіцкім раёне. Прэзідэнту далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна і гаспадаркі, у цэнтры ўвагі былі пытанні ўборачнай кампаніі ў існуючых умовах надвор’я і прымаемыя меры па зніжэнні страт ураджаю. Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі ўборкі збожжавых, саломы і падрыхтоўкі глебы да сяўбы азімых. Аляксандра Лукашэнку праінфармавалі аб выніках работы жывёлагадоўлі ў краіне, вобласці і раёне з пачатку 2017 года. 11 жніўня кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём і добраўпарадкаваннем Брэста.
Беларусь разлічвае сабраць амаль 10 млн т збожжавых
Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць.
«Мы пад 10 млн т збожжавых можам сабраць разам з рапсам і кукурузай. Сёння да вечара мы палавіну збожжа ўбяром», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Як далажыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, да 20 жніўня завяршыць уборку павінны ўсе вобласці, за выключэннем Віцебскай.
«Па Віцебскай вобласці дамовімся так: трэба перастаць слухаць заспакойванні кіраўнікоў, губернатара Віцебшчыны. Калі мы бачым, што там добрае збожжа, яго трэба ўбіраць, перакідваць туды тэхніку. Узнікне праблема з сушылкамі. Таму мы адразу з поля забіраем збожжа, вязём на элеватары, перапрацоўваем, не крыўдзячы вяскоўцаў. Збожжа з палёў трэба ўбраць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнту было даложана, што дзяржаўны заказ па збожжы будзе выкананы ў поўным аб’ёме. «Мы 860 тыс. т хочам нарыхтаваць. Давайце дамовімся, што да 1 млн т, можа, крыху больш. Але добрае збожжа, калі ёсць жаданне прадаць, трэба забраць і зрабіць абмен старых рэзерваў — мінулага, пазамінулага гадоў. Стары трэба аддаць на корм, а закласці з новага ўраджаю, таму што збожжа добрае ў гэтым годзе», — даручыў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка аб уборачнай кампаніі: усе ўцягнуліся, але скорасці трэба дабавіць
«Адчуваю, што ва ўборку салідна ўсе ўцягнуліся, нікога папракаць не трэба, але 10-15 працэнтаў скорасці трэба дабавіць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц звярнуў увагу на перабоі з адгрузкай у гаспадарках грануляваных угнаенняў. «Ва ўрадзе няхай неадкладна прымуць рашэнне. Просьбу па ўгнаеннях трэба задаволіць», — даручыў Прэзідэнт.
Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на забеспячэнні гаспадарак палівам. Аляксандр Лукашэнка даручыў кантраляваць яго эфектыўнае выкарыстанне.
Прэзідэнт азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі ўборкі збожжавых і саломы.
На сённяшні дзень у Брэсцкай вобласці ўбрана амаль 80 працэнтаў плошчаў. У цэлым плануецца сабраць 1,2 млн т збожжавых і 200 тыс. т кукурузы.