У міні-футбол у Дзятлаве гуляюць многія, а перамагае – “Ніва”. Штатны фаварыт у чарговым адкрытым чэмпіянаце горада перамог за яўнаю перавагаю. Сярэбранага прызёра “Фарсаж” чэмпіён апярэдзіў на камфортныя 8 ачкоў, прайграў за 20 матчаў усяго адзін раз. І забіў больш за ўсіх галоў (76), і прапусціў менш за ўсіх мячоў (31). Ну чэмпіён, адным словам.

Дзятлаўскія “Фарсаж” і “БНГ” стараліся, па забітых мячах (па 74), лічы, параўняліся з “Ніваю”. Але абарончай саліднасці абедзвюм камандам не хапіла, каб усур’ёз замахнуцца на трон. “Фарсаж” спыніўся на сярэбранай прыступцы подыума, “БНГ” – на бронзавай.

Дзятлаўскае “Дынама” – чацвёртае пры роўнай колькасці ачкоў, па 33, з “БНГ”. Бронзавую перавагу “БНГ” абумовіў вынік асабістых сустрэч з “Дынама” – 3:1 (тры перамогі, адно паражэнне). Затое ў актыве “Дынама” адзіная на ўсіх удзельнікаў турніру перамога над чэмпіёнам (1:0). Дробязь, магчыма, але якая прыемная.

Пятым стаў навасёлкаўскі “Лібертас”. Гэта трагедыя. Дзяніс Трафімчык – капітан і ўвогуле ўсё, як аказалася, лібертасаўскае, атрымаў траўму, не змог выступаць у чэмпіянаце, і яго каманда пасыпалася, нават не змагла збірацца на матчы. Тут яшчэ раз пра роль асобы ў гісторыі.

З адным ачком фінішаваў у турніры “легіянер” дзятлаўскага чэмпіянату – навагрудскі “Фарт”. Адных спадзяванняў на фарт мала, каб хоць бы дабегчы да фінішу чатырохкругавога турніру. Другую палову чэмпіяната “Фарт” не адужаў.

Лепшыя бамбардзіры чэмпіянату – Алег Лазовік (“Фарсаж”, 18 мячоў), Арцём Літвінскі (“Лібертас”, 17 галоў), Уладзіслаў Нячай (“БНГ”, 15). Каманда Літвінскага, заўважце, удзельнічала толькі ў палове турніру.

За што змагаліся? За фізічнае здароўе, за жыццёвы тонус, у першую чаргу. Бонусам для чэмпіёнскай “Нівы” сталі кубак, грамата, залатыя медалі, тры неблагія мячы. Сярэбранаму прызёру “Фарсажу” дасталіся кубак, грамата, сярэбраныя медалі і два мячы. Бронзаваму “БНГ” – увесь названы камплект з бронзавым адлівам медалёў і адзін мяч.

Яшчэ адзін мяч у фінішны дзень чэмпіянату быў разыграны ў Топ-турніры чатырох лепшых. “Дынама” вельмі дарэчы ўзгадала свой подзвіг – адзіную ў чэмпіянаце перамогу над будучым чэмпіёнам – і яшчэ раз абыграла “Ніву” з лікам 2:1. Сярэбраны “Фарсаж”, паводле табелі аб рангах, пацвердзіў сваю перавагу над бронзавым “БНГ” – 4:3. “Дынама” ў той дзень лятала і ў фінальным матчы выдала большую магутнасць, чым “Фарсаж” – 3:1. Прызавы мяч – у “Дынама”.

Лепшымі па амплуа арганізатарамі турніру названы Аляксандр Пятроўскі (галкіпер, “Ніва”), Ігар Крагельскі (абаронца, “Фарсаж”), Алег Лазовік (форвард, “Фарсаж”) і Уладзіслаў Нячай (“БНГ”) – лепшым з усіх лепшых.

Б. ВАРНА

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Дзятлаўшчына святкуе Дзень Перамогі
Як дружна пырснулі сады…
Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна!

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации