Асаблівая сустрэча – з водарам восені, бабуліных пірагоў, хатніх нарыхтовак і тых самых сакрэтаў, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне, прайшла ў жаночым клубе “Карані смаку”. Гэтым разам у госці да іх завіталі і мужчыны. Удзельнікі сабраліся ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, каб пагаварыць пра адну вельмі сціплую, але неверагодна важную агародніну, без якой не абыходзіўся ні адзін агарод, ні адзін склеп і, мабыць, ні адзін сямейны абед – гэта капуста.

– Мы паспрабуем абудзіць нашу радавую памяць, навучымся квасіць капусту так, як рабілі нашы прабабулі, успомнім сямейныя традыцыі і пройдзем шлях капусты – ад градкі і качана да дубовай бочкі, – адзначыла кіраўнік клуба Ганна Харлінская, пачынаючы мерапрыемства. – Як гаварылі нашы продкі, “капуста – дама з характарам. На яе крычаць нельга, у сварцы падыходзіць нельга. Рукі павінны быць цёплымі, а думкі – светлымі. Квасім толькі з добрым намерам: на здароўе дзецям, на лад у сям’і, на багацце ў хаце!”.

У чым раней квасілі капусту – у бочках, кадушках або вялікіх каструлях? Як яе шаткавалі? Ці дадавалі журавіны, яблыкі або кмен? Гаспадыні расказвалі капусныя гісторыі сваіх бабуляў, называлі любімыя стравы з гэтай агародніны, дзяліліся, наколькі добра ведаюць сакрэты квашання, якіх прыкметаў прытрымліваюцца і якія хітрасці ведаюць. І, вядома ж, удзельнікі сустрэчы самі заквасілі капусту па традыцыйным рэцэпце, але дадаючы свае сакрэты.

Пазітыўным настроем удзельніц клуба зараджаў сваімі песнямі дуэт “Каларыт” – Святлана Венская і Ірына Бакшук.

– Сёння мы яшчэ раз пераканаліся, што кулінарныя традыцыі – гэта не толькі рэцэпты і прадукты. Гэта сямейныя гісторыі, цёплыя ўспаміны, клопат, стасункі і ўменне перадаваць свой вопыт наступным пакаленням. Няхай у кожным доме будуць свае любімыя рэцэпты, шчодры стол і людзі, з якімі хочацца раздзяліць смачны абед! А наш жаночы клуб “Карані смаку” няхай і далей застаецца месцам, дзе захоўваюцца традыцыі, нараджаюцца новыя ідэі і збіраюцца добрыя, таленавітыя гаспадыні, – звярнулася да гасцей Ганна Харлінская і запрасіла ўсіх на дэгустацыю.

Капуста квашаная з духмяным алеем і цыбуляй, пірагі і піражкі з капустай, капусныя блінчыкі і нават катлеты, духмяны травяны чай з самавара – што можа быць больш смачным і карысным, ды яшчэ ў душэўнай сяброўскай кампаніі.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации