Ці можа звычайны школьны ўрок стаць не толькі крыніцай ведаў, але і прасторай выхавання асобы? Як раскрыць выхаваўчы патэнцыял вучэбных прадметаў і зрабіць яго выніковым інструментам павышэння якасці адукацыі?

Гэтыя пытанні сталі цэнтральнымі на раённым семінары намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце, які прайшоў у Круцілавіцкай базавай школе.

Адкрылі семінар начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская і намеснік начальніка аддзела адукацыі Таццяна Умоўская. Удзельнікі абазначылі праблемнае поле і абмеркавалі задачы, звязаныя з павышэннем выхаваўчай выніковасці вучэбных заняткаў.

Практычным вопытам работы Круцілавіцкай базавай школы ў гэтым кірунку падзялілася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Верамейка. У сваім выступленні “Ад арганізацыі вучэбнай дзейнасці – да выхаваўчага выніку ўрока: кіраўнічы аспект” прадставіла падыходы да стварэння ўмоў, пры якіх выхаваўчы складнік становіцца не дадаткам да навучання, а яго абавязковай і неад’емнай часткай.

Асаблівую ўвагу ўдзельнікаў прыцягнулі адкрытыя навучальныя заняткі на ўроку па прадмеце “Чалавек і свет” у чацвёртым класе. Іх правяла настаўніца пачатковых класаў Вольга Гайжэўская.

Не менш цікавым быў факультатыўны занятак у пятым класе “Лесвіца да поспеху. Фарміруем функцыянальную адукаванасць”. Педагог-псіхолаг Наталля Жых з навучэнцамі даследавала тэму “Формула паспяховасці навучэнца (матывацыя — шлях да поспеху) ”.

Семінар стаў пляцоўкай для прафесійнага дыялогу, абмену практычным вопытам і пошуку эфектыўных кіраўніцкіх рашэнняў. Яго галоўная ідэя прагучала асабліва пераканаўча: якасны сучасны ўрок – гэта не толькі засваенне ведаў, але і штодзённая праца па выхаванні асобы. Менавіта на ўроку дзіця вучыцца думаць, рабіць выбар, супрацоўнічаць, паважаць чужое меркаванне, шанаваць гісторыю і культуру сваёй краіны.

Наталля ВЕРАМЕЙКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Круцілавіцкай базавай школы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации