Дзятлаўскім раённым аддзелам Следчага камітэта ўстанаўліваюцца абставіны дарожна-транспартнага здарэння, у выніку якога аўтамабіль з’ехаў у кювет і перакуліўся.
Больш падрабязна пра здарэнне расказала начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Таццяна Пратаковіч:

– Па даных следства, днём 15 лістапада 18-гадовы вадзіцель, кіруючы аўтамабілем “Volkswagen Passat B3”, рухаўся па 61-м кіламетры аўтадарогі Р108 “Баранавічы – Моўчадзь – Дзятлава”. З-за недастатковага вадзіцельскага стажу і выбару небяспечнай хуткасці руху малады чалавек не справіўся з кіраваннем пры праходжанні левага павароту на спуску, дапусціўшы занос аўтамабіля. Спрабуючы пазбегнуць сутыкнення з сустрэчным транспартам, ён выкруціў руль направа, у выніку чаго машына з’ехала ў правы па ходзе руху кювет, дзе перакулілася і ўстала на колы.
У выніку ДТЗ тры пасажыры (18, 19 і 26 гадоў) атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці і былі шпіталізаваны ў медыцынскую ўстанову.
На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Следчым з прыцягненнем спецыялістаў упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і супрацоўнікаў ДАІ праведзены агляд, зафіксавана дарожная абстаноўка, канфіскаваны неабходныя сляды і прадметы. Прызначаны шэраг экспертных даследаванняў, транспартны сродак змешчаны на ахоўную стаянку.
Па дадзеным факце Дзятлаўскім раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Расследаванне працягваецца, устанаўліваюцца ўсе акалічнасці здарэння.
Следчы камітэт нагадвае: бяспека на дарозе залежыць ад адказнасці кожнага вадзіцеля.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga