Ці правярае санітарная служба майстроў, якія робяць манікюр дома?
У чат-бот газеты “Перамога” паступіла пытанне: цяпер майстры па манікюры і педыкюры маюць права законна аказваць паслугі ў дамашніх умовах. Ці правярае такіх майстроў санстанцыя?
Адказ ад Дзятлаўскага райЦГЭ: Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі такіх майстроў не правярае. Дзеючыя санітарныя нормы і правілы (пастанова № 33 ад 15.02.2023 года) распаўсюджваюцца на юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, але не на самазанятых, якія аказваюць касметычныя паслугі, а таксама цырульні, манікюру і педыкюру дома. Пры выбары такога майстра пераканайцеся, што ён мые рукі, апрацоўвае іх антысептыкам і выкарыстоўвае аднаразовыя пальчаткі. Інструмент, які парушае скуру (кусачкі, нажніцы, абцужкі, апаратныя насадкі), неабходна дэзынфікаваць, чысціць і стэрылізаваць. Простага працірання спіртам недастаткова. Для апрацоўкі патрэбны спраўныя рукамыйніца, дэзсродкі і стэрылізатары. Пілачкі, бафы і апельсінавыя палачкі павінны быць аднаразовымі і ўтылізавацца пасля працэдуры. Майстар павінен адкрываць крафт-пакет з інструментамі строга пры вас. Калі майстар дастае інструменты з ужо адкрытага пакета – яны нестэрыльныя.
Факт: надзейна пацвердзіць эфектыўнасць стэрылізацыі можа толькі біялагічны кантроль у акрэдытаванай лабараторыі. Хатнія майстры, як правіла, яго не праводзяць.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga