Больш за тры сотні прадстаўнікоў розных рэгіёнаў краіны, у тым ліку дзятлаўчане, сёння прымаюць удзел у рэспубліканскім форуме працоўнай моладзі, які праходзіць у Мінску з ініцыятывы Рэспубліканскага Савета працоўнай моладзі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і профільных структур.

У час форуму дзятлаўчане ў саставе дэлегацыі Гродзенскай вобласці пабывалі з экскурсіяй на ААТ “Мінскі электратэхнічны завод імя В. Казлова”, дзе азнаёміліся з арганізацыяй вытворчасці, умовамі працы, практыкай работы з маладымі спецыялістамі і рэалізацыяй моладзевай палітыкі на прадпрыемстве.

Гасцей павітаў генеральны дырэктар завода Аляксандр Радзевіч, а таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анастасія Мірончык-Іванава і Дзмітрый Шаўцоў.

Аб сацыяльнай падтрымцы работнікаў ААТ “Мінскі электратэхнічны завод імя В. Казлова”, умовах працы і магчымасцях прафесійнага развіцця маладых супрацоўнікаў расказаў намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Прохараў.

З моладзевымі ініцыятывамі, удзелам маладых работнікаў у грамадскім жыцці і развіцці прадпрыемства гасцей пазнаёміла моладзевы лідар завода Ілона Саўчэня. Гаспадары і госці абмяняліся меркаваннямі, задалі пытанні, якія іх хвалявалі, не абышлося і без сумеснай фотасесіі.

У другой палове дня праграму форуму прадоўжыць пленарнае пасяджэнне ў авальнай зале Дома ўрада. У фае яго ўдзельнікі змогуць пабачыць выставу “Дзяржаўныя і афіцыйныя геральдычныя сімвалы Рэспублікі Беларусь”. Затым іх чакае абмеркаванне тэмы “Каштоўнасці і чаканні маладых беларусаў: вынікі апытання і экспертныя меркаванні”, выступленні старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігара Сергяенкі, міністра адукацыі Андрэя Іванца, іншых спікераў аб моладзевай палітыцы ў Беларусі, прафесійным станаўленні, каштоўнасцях і вобразе будучыні.

Ірына СТЫРНІК

Фота ўдзельнікаў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации