Меры па супрацьдзеянні кіберзлачынствам і прафілактыцы іх учынення, павышэнні лічбавай граматнасці насельніцтва разгледзелі на пасяджэнні райвыканкама пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага.
Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі адзначыў, што кіберзлачыннасць набывае ўсё большы размах і становіцца сур’ёзнай пагрозай для бяспекі грамадзян і эканомікі краіны. У сувязі з гэтым асобая ўвага надаецца супрацьдзеянню кіберзлачынстваў і павышэнню ўзроўню лічбавай граматнасці насельніцтва.
Аб маштабнасці кіберзлачыннасці сведчыць статыстыка: у 2024 годзе ў Беларусі зарэгістравана 73 270 злачынстваў усіх відаў, з іх 20 137 кіберзлачынстваў (27,4 %); у 2025 годзе – 63 929, з якіх 18 977 кіберзлачынстваў (29,6 %). За першае паўгоддзе бягучага года на тэрыторыі краіны зарэгістравана 8480 кіберзлачынстваў, што складае 32,9 % ад агульнай колькасці па напрамках дзейнасці ўсіх службаў. Лічбы паказваюць, што пры агульным зніжэнні ўдзельная вага злачынстваў па кірунку дзейнасці “супрацьдзеянне кіберзлачыннасці” ўзрастае.
На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна па выніках 2025 года і сёлета таксама назіраецца тэндэнцыя росту злачынстваў гэтага віду. Па выніках бягучага года зарэгістравана 34, з якіх 12 раскрыта, 2 адносяцца да катэгорыі цяжкіх. З ліку нераскрытых – адно вымагальніцтва, 14 махлярстваў, 7 фактаў крадзяжоў з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі. Пацярпелі 15 мужчын, столькі ж жанчын, у чатырох выпадках пацярпелымі з’яўляюцца юрыдычныя асобы. Па ўзроставай катэгорыі ахвярамі кібермахляроў сталі 20 грамадзян працаздольнага ўзросту, 10 пенсіянераў. Пражываюць у сельскай мясцовасці 18 грамадзян, гарадское насельніцтва – 12 чалавек. Большасць злачынстваў учынена шляхам набыцця тавараў праз гандлёвыя пляцоўкі сеткі Інтэрнэт, прадаўцы якіх у далейшым перастаюць выходзіць на сувязь, а таксама пры спробе атрымання дадатковага заробку ў сетцы Інтэрнэт, што таксама было характэрна для перыяду мінулага года.
У сакавіку 2026 года зацверджаны Рэгіянальны план мерапрыемстваў, накіраваных на прыняцце эфектыўных мер па супрацьдзеянні кіберзлачынствам, прафілактыцы іх учынення, павышэнні лічбавай граматнасці насельніцтва на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна на 2026 -2027 гады. Асноўнымі выканаўцамі плана з’яўляюцца: аддзелы унутраных спраў, адукацыі, ідэалагічнай работы і па справах моладзі, сектар культуры, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, РУП ЖКГ і Дзятлаўская цэнтральная раённая бальніца.
Праведзена каля чатырох тысяч прафілактычных гутарак па месцы жыхарства грамадзян, з якіх 3174 з грамадзянамі пажылога ўзросту, больш за 100 выступленняў у працоўных калектывах і ва ўстановах адукацыі. Праваахоўнікі прынялі ўдзел у рэспубліканскіх і абласных прафілактычных акцыях “Тыдзень кібербяспекі” і “Тыдзень лічбавай граматнасці”, “Кібербяспека – сувязь праз пакаленні”, а таксама ў аператыўна-прафілактычных мерапрыемствах “Антыдроп”. На пастаяннай аснове ажыццяўляецца абнаўленне матэрыялаў на інфармацыйных стэндах магазінаў, устаноў адукацыі раёна, арганізацый і прадпрыемстваў; давядзенне пытанняў прафілактыкі кіберзлачынстваў у рамках Адзіных дзён інфармавання. Штомесяц праводзяцца семінары-вучоба для ідэалагічнага актыву раёна.
Шырока выкарыстоўваецца інфармацыйнае поле раённай газеты “Перамога”. Матэрыялы размяшчаюцца ў друкаванай версіі выдання, на сайце, дубліруюцца ў сацыяльных сетках і месенджарах: Тэлеграм, Інстаграм, Трэдс, ВКонтакте, Фэйсбук, Аднакласнікі. У бягучым годзе апублікавана больш за 50 матэрыялаў.
У цэлым вядзецца мэтанакіраваная работа па выяўленні і спыненні супрацьпраўнай дзейнасці ў сферы высокіх тэхналогій і па прафілактыцы іх учынення, аднак яна патрабуе пастаяннага ўдасканалення.
– Важна разумець не толькі, як працуе сістэма прафілактыкі, але і наколькі яна эфектыўная як сярод дарослых, так і сярод дзяцей, – адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Трэба больш працаваць з насельніцтвам. У сельскай мясцовасці неабходна ўзмацніць прафілактычную работу старшыням сельвыканкамаў, сацыяльным работнікам, якія практычна штодня наведваюць грамадзян па месцы жыхарства.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga