Ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці асабовага саставу аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама на заслужаны адпачынак праводзілі загадчыцу групы абароны дзяржаўных сакрэтаў і дакументацыйнага забеспячэння Вольгу Дулебянец, якая 36 гадоў прафесійнай дзейнасці прысвяціла міліцыі раёна.

– Вольга Уладзіміраўна – не проста наша калега з важкім стажам, а чалавек, з якога варта браць прыклад маладому пакаленню праваахоўнікаў, – зазначыў намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні АУС Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Юшкевіч. – Яна заўжды з адказнасцю, абавязковасцю і стараннасцю адносілася да даручанай справы, была сапраўдным прафесіяналам і проста добрай, шчырай жанчынай.

Андрэй Яўгеньевіч уручыў Вользе Уладзіміраўне грамату ўпраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама, кветкі і падарунак ад калег, пажадаў здароўя, шчасця і каб кожны новы дзень прыносіў цікавыя падзеі, добрыя весткі, прыемныя сустрэчы.

Да віншаванняў далучылася старшыня прафсаюзнай арганізацыі аддзела Святлана Андалюкевіч з пажаданнямі і падарункам ад прафсаюза, зычыла Вользе Уладзіміраўне невычэрпнай энергіі, дабрабыту і спаўнення самых запаветных мараў.   

За плячыма працяглы перыяд прафесійнага шляху даўжынёй у 36 гадоў. Цікава было даведацца ў Вольгі Дулебянец, як ён быў пройдзены, ці не шкадуе яна аб сваім прафесійным выбары.

– Ні разу не пашкадавала, бо мне пашчасціла з калектывам, – прызналася Вольга Уладзіміраўна. – Так склалася, што побач са мной заўжды было шмат моладзі, а гэта аптымізм, новыя ідэі, пазітыў, працаваць разам было цікава. За тры з паловай дзесяцігоддзі ў Дзятлаўскім аддзеле міліцыі памянялася шмат кіраўнікоў, і кожны з іх быў дастойным чалавекам, адданым службе. Увогуле, мне ўсё жыццё шчасціла на добрых людзей. Працаваць у аддзел прыйшла ў 1990 годзе, па прапанове мамы, якая была галоўным бухгалтарам. На той час новая вакансія толькі адкрылася, праўда, раней пасада насіла іншую назву. Займаючыся адной і той жа работай, я паспела пабыць справаводам, кіраўніком сакрэтнай часці, цяпер яшчэ і загадчыцай групы абароны дзяржаўных сакрэтаў і дакументацыйнага забеспячэння. Каб уладкавацца ў міліцыю, прайшла курсы і ўзгадненне, у выніку мяне прынялі. Тры дзесяцігоддзі праляцелі, як адзін дзень. Безумоўна, працоўныя будні не былі лёгкімі і спакойнымі: участак гэты адказны, тут заўжды вялікі паток дакументаў, якія неабходна рэгістраваць, перасылаць, перадаваць, адкласці на заўтра іх нельга, бо будуць новыя, магчыма, яшчэ больш. Калі дадаць да ўсяго абавязковае прыбыццё ў аддзел на кожную начную трывогу, а пасля яе паўнацэнны працоўны дзень, то можна зразумець, якімі былі мае прафесійныя будні.

Сумяшчаць адказную насычаную работу і сям’ю Вользе Уладзіміраўне ўдавалася толькі дзякуючы падтрымцы і разуменню блізкіх. Гадаваць дачок Аляксандру і Ангеліну дапамагалі бабулі і дзядулі, а муж Фёдар Уладзіміравіч не рабіў заўваг, разумеючы ўсю сур’ёзнасць выбранай справы, за што Вольга Уладзіміраўна яму вельмі ўдзячна.

Вольга Дулебянец – ураджэнка горада Дзятлава. Як не дзіўна, па першай спецыяльнасці яна кравец-мадэльер, нават паспела два гады адпрацаваць у былым Доме быту райцэнтра. У міліцыю наша зямлячка вырашыла пайсці, дзякуючы прыкладу матулі і брата. Як бачым, такое рашэнне стала лёсавызначальным.

Сёння Вольга Уладзіміраўна не толькі шчаслівая матуля, але і бабуля чацвярых унукаў. Дарэчы, дочкі Аляксандра і Ангеліна з кветкамі і шарамі таксама прыйшлі ў аддзел павіншаваць маму ў адказны для яе момант.

– Я выгадавала цудоўных дзяцей, дзякуй Богу за іх, – зазначае жанчына. – Цяпер хачу больш часу аддаваць родным і блізкім, паколькі раней гэта не заўжды атрымлівалася. Буду заставацца з унукамі, займацца хатнімі справамі, агародам, дачай, адпачну ў санаторыі. Аднак і ў аддзел буду зазіраць, не пакіну сваіх калег, не перастану дзяліцца з імі прафесійным вопытам, дапамагаць.

У нашай зямлячкі шмат шчаслівых планаў на будучыню, застаецца пажадаць, каб усе яны спраўдзіліся найлепшым чынам.

Супрацоўнікам аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Вольга Дулебянец адрасуе словы ўдзячнасці за гады, пройдзеныя разам, працоўныя будні, сяброўства, падтрымку. На развітанне жадае моцнага здароўя, сямейнага шчасця і дабрабыту, кар’ернага росту, спакойнай службы і заўжды заставацца людзьмі.

Ірына СТЫРНІК        

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины 

Похожие публикации