Радкі, сагрэтыя любоўю

Напярэдадні Дня бацькі навучэнцы гімназіі № 1 горада Дзятлава прынялі ўдзел у акцыі “Галоўныя словы роднаму чалавеку”. Дзевяцікласнікі вырашылі адмовіцца ад стандартных лічбавых віншаванняў і напісалі сваім татам шчырыя лісты ад рукі.

У гэтых пасланнях яны выказалі глыбокую падзяку за моцнае бацькоўскае плячо, мудрыя парады і любоў. Кожны ліст, асцярожна запячатаны ў канверт, стаў унікальным прызнаннем у найважнейшых пачуццях, якія мы часта забываем сказаць услых.    

Шануй бацьку і маці сваіх

У Дзень бацькі ў Гезгалаўскім дзіцячым садзе адбылася сустрэча выхаванцаў і педагагічных работнікаў з пробашчам Нагародавіцкай царквы айцом Мікалаем.

Святар у даступнай форме раскрыў дзецям глыбокі сэнс пятай з дзесяці запаведзяў Бібліі “Почитай отца твоего и мать твою, чтобы продлились дни твои на земле, которую Господь, Бог твой, даёт тебе”. На простых прыкладах айцец Мікалай паказаў дзецям штодзённую незаўважную працу і бязмежную любоў бацькоў да дзяцей.

Выхаванцы падрыхтавалі і выканалі песні пра татаў, прачыталі вершы. У гульнях-эстафетах яны з захапленнем выконвалі татавы абавязкі ў сям’і.

Дзясятка – для таты

У рамках Тыдня бацькоўскай любові ў Казлоўшчынскай сярэдняй школе прайшла акцыя “10 для таты”.

Яна стала цёплым і важным дадаткам да мерапрыемстваў, прысвечаных сям’і, і дапамагла дзецям выказаць любоў і павагу да бацькоў праз уласныя навучальныя поспехі. Удзельнікамі акцыі станавіліся навучэнцы, якія атрымалі адзнаку “10”. Кожная такая дзясятка ўспрымалася як маленькі падарунак тату –  знак старання, адказнасці і жаданне парадаваць роднага чалавека.

Як высветлілася, навучальны поспех можа аб’яднаць сям’ю і стаць падставай для станоўчых эмоцый, а добрыя вынікі – шчырым выражэннем любові і падзякі блізкім.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации